Кібэрпартызаны паведамляюць, што атрымалі ўнутраныя дакумэнты беларускага Чырвонага Крыжа, у якіх ёсьць інфармацыя пра ўвоз у Беларусь дзяцей з акупаванага Лісічанску, прычым у розных справаздачах колькасьць украінскіх дзяцей і выдаткаваных на іх рэсурсаў розьніцца.
Нагадваючы, што кіраўніцтва Міжнароднага Чырвонага Крыжа запатрабавала ад кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова тлумачэньняў адносна ягонага наведваньня акупаванай тэрыторыі, кібэрпартызаны паведамляюць, што ў іх распараджэньні ёсьць два варыянты адказу, які рыхтавалі ў Менску.
У адным з тэкстаў, які атрымалі кібэрпартызаны, адзначаецца, што беларускі Чырвоны Крыж нібыта зьяўляецца незалежнай арганізацыяй, у той час як, паводле кібэрпартызанаў, ён рэгулярна робіць справаздачы ўраду і супрацоўнічае з МУС.
Таксама на сайце разьмешчаныя дакумэнты, якія, на думку кіраўніцтва беларускага Чырвонага Крыжа, павінны апраўдаць вываз у Беларусь дзяцей з Украіны.
«Усе атрыманыя дакумэнты па ўвозе ўкраінскіх дзяцей без бацькоў на тэрыторыю РБ будуць перададзеныя афіцыйным органам Украіны для далейшых разьбіральніцтваў», — паведамляюць кібэрпартызаны.
Таксама кібэрпартызаны атрымалі доступ да чарнавікоў дакумэнтаў, у якіх Беларускі Чырвоны Крыж спрабуе растлумачыць нашыўку Z на адзеньні свайго кіраўніка Дзьмітрыя Шаўцова падчас яго паездкі ў акупаваныя рэгіёны Ўкраіны ў ліпені сёлета.
У адным варыянце гаворыцца, што Шаўцоў надзеў «адмысловую форму» ў мэтах бясьпекі, а знак Z не зьяўляецца вайсковым знакам адрозьненьня і можа выкарыстоўвацца цывільнымі грамадзянамі.
19 ліпеня сёлета кіраўнік МЗС Украіны заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа.
«Я заклікаю Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Дзьмітрыя Шаўцова, які публічна прызнаўся ў злачынстве па незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных раёнаў Украіны. Усе вінаватыя ў крадзяжы ўкраінскіх дзяцей павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці», — напісаў Дзьмітрый Кулеба ў Twitter.
Падчас паездак на адпачынак у Беларусь украінскіх дзяцей апрацоўваюць праўладнай і прарасейскай прапагандай — нядаўнім прыкладам стаў выступ у летніку «Дубрава» сясьцёр Грузьдзевых, якія са сцэны на вачах у дзяцей пажадалі прэзыдэнтам Байдэну і Зяленскаму «здохнуць», а Пуціну «квітнець».
- Генэральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў падчас сваёй чарговай паездкі на Данбас у другой палове ліпеня 2023 году перадаў гуманітарную дапамогу і зьняўся ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь-1», дзе прызнаўся, што яго арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны.
- Падчас сваёй папярэдняй паездкі на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі Шаўцова заўважылі ў камуфляжы і зь літарай Z на рукаве, якую выкарыстоўваюць прыхільнікі расейскай вайны ва Ўкраіне, хоць статут Чырвонага Крыжа патрабуе ад сяброў арганізацыі заставацца нэўтральнымі.
- У Міжнародным камітэце Чырвонага Крыжа заявілі, што вывучаюць гэты інцыдэнт.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.