У Маскве на Краснай плошчы затрымалі актывістку, якая праводзіла антываенны пікет з выкарыстаньнем украінскага дзяржаўнага сьцяга.
Як паведаміла расейская служба Радыё Свабода, яна не выстаўляла ніякіх патрабаваньняў у часе свайго пратэсту.
Паводле «ОВД-Інфо», імя актывісткі — Алёна Кажэўнікава. Яе адвезьлі ў аддзел паліцыі па раёне Кітай-гораду, склалі пратакол паводле артыкулаў аб дыскрэдытацыі расейскай арміі і парушэньні правілаў правядзеньня публічнага мерапрыемства.
Дэманстрацыя сьцяга Ўкраіны заканадаўча ў Расеі не забароненая. Тым ня менш прадстаўнікі праваахоўных органаў пэрыядычна затрымліваюць ня толькі тых, хто дэманструе сьцяг, але і людзей, у якіх у адзеньні, манікюры ці прычосцы прысутнічае спалучэньне блакітнага і жоўтага колераў.