Рашэньне, як дадалі ў АРА без удакладненьня падрабязнасьцяў, было прынята МАК, які, у сваю чаргу, заявіў, што ідэя «невыканальная з тэхнічных прычын», піша індыйскае выданьне The Indian Express.
Падчас Генэральнай асамблеі ў ліпені АРА ў прынцыпе пагадзілася дазволіць максымум 500 спартоўцам з дзьвюх краін, якія сутыкнуліся зь міжнароднымі санкцыямі пасьля ўварваньня ва Ўкраіну, удзельнічаць у спаборніцтвах у кітайскім горадзе Ханчжоў. Пры гэтым беларускія і расейскія спартоўцы не маглі прэтэндаваць на мэдалі і мусілі выступаць у нэўтральным статусе: пад нэўтральным сьцягам і безь дзяржаўнай сымболікі. Аднак іх удзел павінен быў быць узгоднены з МАК.
Цяпер заяўлена, што МАК не дазволіў расейскім і беларускім спартоўцам удзел у гульнях.
Пакуль незразумела, ці тычыцца гэтая забарона толькі ўдзелу ў Азіяцкіх гульнях, або яна распаўсюджваецца на ўсе адборачныя спаборніцтвы кантынэнтальных Алімпійскіх гульняў. У апошнім выпадку гэта паставіла б крыж на спадзяваньнях тых, хто дамагаўся кваліфікацыі на Алімпійскія гульні ў Парыжы праз турніры ў Азіі.
Азіяцкія гульні пройдуць з 23 верасьня да 8 кастрычніка.