Сваё рашэньне Стралкоў абгрунтаваў тым, што лічыць сябе лепшым за цяперашняга прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна адразу ў некалькіх аспэктах. Паводле яго слоў, Пуцін занадта даверлівы і добры, а таксама мае «вельмі шмат сяброў мільярдэраў і іншых бізнэсоўцаў, якім ён ня можа ні ў чым адмовіць» — у адрозьненьне ад яго, Стралкова.
Таксама Стралкоў называе сябе «больш кампэтэнтным у вайсковай справе», чым Пуцін і кіраўнік Мінабароны Сяргей Шайгу. Пры гэтым ён прызнае, што «не настолькі спартыўны і здаровы», якім быў Пуцін у яго гады, таму «надакучаць» выбаршчыкам дваццаць зь лішнім гадоў ня зможа чыста фізычна.
Стралкова арыштавалі ў канцы ліпеня 2023 году за пасты з крытыкай расейскіх уладаў, у якіх сьледзтва ўгледзела заклікі да экстрэмізму. У СІЗА Стралкоў прабудзе як мінімум да канца верасьня. Паводле артыкула яму пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі. Згодна з заканадаўствам у выпадку абвінаваўчага прысуду Стралкоў балятавацца на пасаду прэзыдэнта РФ ня зможа.
- У лістападзе 2022 году Стралкоў быў завочна асуджаны судом у Гаазе на пажыцьцёвае зьняволеньне за дачыненьне да катастрофы пасажырскага самалёта «Малайзійскіх авіялініяў» у Данбасе ў 2014 годзе. Тады загінулі 298 чалавек.
- Стралкоў ня ўдзельнічаў у судовым працэсе і адмаўляе віну. Стралкоў атрымаў вядомасьць у 2014 годзе, калі ўзначалены ім атрад зь дзясяткаў грамадзян РФ пры падтрымцы сэпаратыстаў захапіў украінскі горад Славянск у Данецкай вобласьці. З баёў у Славянску фактычна пачалася вайна ў Данбасе.
- Цяпер Стралкоў — адзін з актыўных прыхільнікаў вайны Расеі супраць Украіны. Пры гэтым зь яе пачатку ён рэзка крытыкаваў расейскае вайсковае камандаваньне за няўдачы на фронце.