Латвійскія мытныя органы канстатуюць павелічэньне транспартнага патоку і тавараў зь Беларусі пасьля закрыцьця двух памежных пастоў Літвы.
Як паведаміла нямецкае інфармацыйнае агенцтва DPA са спасылкай на прадстаўніка латвійскай мытні на мяжы зь Беларусьсю, павелічэньне патоку дасягае 20%.
Разам з гэтым павялічыліся і спробы кантрабанды празь мяжу.
29 жніўня супрацоўнікі мытнага дэпартамэнту Службы дзяржаўных даходаў Латвіі ў часе праверкі грузавога цягніка на мяжы з Латвіяй знайшлі 5 тысяч пачак беларускіх цыгарэт.
18 жніўня Літва закрыла 2 з 6 памежных пераходаў зь Беларусьсю — «Шумск» (зь беларускага боку — «Лоша») і «Цьверач» («Відзы»).
28 жніўня па выніках сустрэчы кіраўнікоў міністэрстваў унутраных спраў краін Балтыі і Польшчы міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла пра намер падрыхтаваць прапанову ўраду закрыць яшчэ два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю — «Лаварышкі» (зь беларускага боку «Катлоўка») і «Райгорад» («Прывалка»).