15 жніўня Швайцарыя ўжо ўвяла ўсьлед за Эўразьвязам санкцыі ў дачыненьні да 38 фізычных і 3 юрыдычных асобаў Беларусі. 30 жніўня Фэдэральная Рада краіны зацьвердзіла астатнія меры, прынятыя ЭЗ 3 жніўня. Дадатковыя санкцыі адносна Беларусі прынятыя «ў сувязі з працягам удзелу Беларусі ў ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны», паведамілі ў швайцарскім урадзе.
Там адзначылі, што гэтыя меры прыводзяць санкцыі адносна Беларусі ў большую адпаведнасьць з санкцыямі, уведзенымі адносна Расеі.
«Яны ўключаюць забарону на экспарт тавараў і тэхналёгіяў для выкарыстаньня ў авіяцыйнай і касьмічнай прамысловасьці. Акрамя апаратаў для авіяцыйнай і касьмічнай прамысловасьці, у сьпіс тавараў уключаныя турбарэактыўныя рухавікі, турбавінтавыя рухавікі і гумовыя шыны. Для тавараў авіяцыйнай і касьмічнай прамысловасьці, якія таксама часта выкарыстоўваюцца ў мэдычным сэктары, дзейнічаюць выключэньні пры наяўнасьці адпаведнага дазволу», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Меры таксама пашыраюць пералік тавараў, якія «спрыяюць ваенна-тэхнічнаму ўмацаваньню Беларусі». Так, зараз у Беларусь ня могуць экспартавацца паўправадніковыя прыборы і электронныя інтэгральныя схемы.
«Фэдэральная рада імкнецца забясьпечыць, каб ніякія стратэгічныя тавары не траплялі ў Беларусь у абыход усталяваных правілаў», — паведамілі ва ўрадзе Швайцарыі.
- У жніўні Эўразьвяз увёў новыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, якімі ўвёў дадатковую забарону «на экспарт агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, а таксама тавараў і тэхналёгій, прыдатных для выкарыстаньня ў авіяцыі і касьмічнай прамысловасьці». У гэтым пляне санкцыі ў дачыненьні да Беларусі прыводзяцца ў адпаведнасьць з абмежавальнымі мерамі, уведзенымі супраць Расеі.
- Раней ЭЗ увёў шэсьць пакетаў санкцый супраць Беларусі, папярэдні раз — больш за год таму, у чэрвені 2022-га.