Абмежавальныя меры падтрымалі краіны са статусам кандыдата на ўступленьне ў ЭЗ — Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Паўночная Македонія, Украіна і Чарнагорыя і дзяржавы Эўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (ЭАСГ) — Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн і Нарвэгія.
Гэтыя краіны абавязваюцца забясьпечыць адпаведнасьць сваёй нацыянальнай палітыкі рашэньню Рады ЭЗ аб увядзеньні «абмежавальных мераў у сувязі з сытуацыяй у Беларусі і ўдзелам Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны». «Эўрапейскі Зьвяз прымае да ўвагі гэты намер і вітае яго», — гаворыцца ў паведамленьні.
17 жніўня да згаданага пакета санкцыяў далучылася яшчэ адна дзяржава ЭАСГ — Швайцарыя.
Раней паведамлялася, што новыя абмежавальныя меры ЭЗ адносна Беларусі былі прынятыя «ў паскораным парадку з улікам неадкладнай неабходнасьці барацьбы са спробамі абысьці санкцыі» адносна некаторых адчувальных тавараў і тэхналёгій. Яны «пашыраюць забарону на экспарт у Беларусь шэрагу тавараў і тэхналёгій, якія спрыяюць вайскова-тэхнічнаму разьвіцьцю» краіны.
Санкцыі закранулі 38 чалавек (судзьдзяў, начальнікаў папраўчых калёній, сілавікоў, прапагандыстаў) і трох прадпрыемстваў — Менскага электратэхнічнага заводу імя Казлова, Беларускага мэталюргічнага заводу і канцэрну «Белнафтахім».