Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПВК «Вагнэр» супрацоўнікам раяць шукаць «іншыя варыянты заробку», — СМІ


Вагнэраўцы ў Беларусі
Вагнэраўцы ў Беларусі

Прадстаўнік ПВК «Вагнэр» раіў наймітам шукаць іншую працу, паколькі кампанія больш ня можа ўдзельнічаць у вайне ва Ўкраіне і сутыкаецца з сур’ёзнай канкурэнцыяй з боку падразьдзяленьняў Мінабароны РФ і Расгвардыі ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе.

Пра гэта піша расейскае выданьне «Важные истории» са спасылкай на аўдыёзварот, распаўсюджаны ў чатах расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр». Сапраўднасьць запісу выданьню пацьвердзілі прадстаўнікі «Вагнэра».

Асоба на запісе (яе статус у іерархіі кампаніі невядомы) называе сытуацыю «надзвычай складанай», зазначаючы, што «нас не пускаюць у СВА» (СВА — «спэцыяльная ваенная апэрацыя», так у Расеі называюць вайну з Украінай).

«Цяпер мы вымушаныя шукаць варыянты працы ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Там сытуацыя таксама няпростая. У нас ёсьць жорсткая канкурэнцыя ў выглядзе Мінабароны і Расгвардыі, якія таксама плянуюць і спрабуюць туды ўвайсьці з аналягічнымі мерапрыемствамі, якія мы праводзілі», — гаворыцца ў аўдыёзвароце.

Па словах прадстаўніка «вагнэраўцаў», Яўгеній Прыгожын падчас сваёй апошняй паездкі ў Афрыку «вырашыў гэтыя пытаньні», а цяпер «іх будзе вырашаць далей кіраўніцтва». Ён адзначыў, што група будзе імкнуцца забясьпечыць падначаленых працай, але «калі і ў якіх абʼёмах, пакуль невядома».

«Таму альбо чакайце, альбо шукайце іншыя варыянты заробку. Сачыце за міжнароднай сытуацыяй. Калі нашу каманду прымуць у СВА, то мы адновім актыўны набор супрацоўнікаў, праца будзе», — кажа на запісе прадстаўнік ПВК «Вагнэр».

The Wall Street Journal пісала, што апошнія дні жыцьця Прыгожын правёў у Афрыцы. 18 жніўня ён сустрэўся з прэзыдэнтам Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі (ЦАР) Фостэнам-Арканжам Туадэрай, спрабуючы пераканаць яго працягваць супрацоўніцтва — паводле выданьня, прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін раней раіў кіраўніку ЦАР дыстанцыявацца ад Прыгожына.

Незадоўга да сьмерці Прыгожына ў Лібію прыяжджаў намесьнік міністра абароны РФ Юнус-Бек Еўкураў — у краіне гэта ўспрынялі як сыгнал, што цяпер партнэрства працягнецца на ўзроўні рэгулярных арміяў дзьвюх краінаў. Журналіст Андрэй Захараў сьцьвярджаў, што Прыгожына таксама папрасілі «выбрацца» з Сырыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG