Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Wall Street Journal: Прыгожын да крушэньня ягонага самалёта сустракаўся з прэзыдэнтам Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі


Стыхійны мэмарыял у Маскве
Стыхійны мэмарыял у Маскве

Заснавальнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын, які значыцца ў сьпісе пасажыраў самалёта, што разьбіўся ў Цьвярской вобласьці 23 жніўня, за некалькі дзён да катастрофы сустракаўся з прэзыдэнтам Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі (ЦАР) Фостэнам-Арканжам Туадэра.

Пра гэта піша The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы.

Па словах суразмоўцаў выданьня, самалёт Прыгожына быў заўважаны ў Бангі 18 жніўня. На сустрэчы з Туадэра заснавальнік ПВК запэўніў, што няўдалая спроба мяцяжу наймітаў у канцы чэрвеня ў Расеі не перашкодзіць дзейнасьці групы ў ЦАР.

На сустрэчы ў прэзыдэнцкім палацы, паводле зьвестак крыніц, таксама прысутнічаў кіраўнік выведкі ЦАР Вансэт Лінгісара. Але ні ягоныя прадстаўнікі, ні прадстаўнікі прэзыдэнта рэспублікі на запыт The Wall Street Journal не адказалі.

Пасьля сустрэчы з лідэрамі ЦАР Прыгожын нібыта сустракаўся з прадстаўнікамі Сіл хуткага рэагаваньня Судана. У сярэдзіне красавіка паміж Сіламі хуткага рэагаваньня і Ўзброенымі сіламі Судана пачаўся канфлікт, які трывае дагэтуль.

Суданская дэлегацыя, паводле зьвестак крыніц, прыбыла ў Бангі з Дарфура і прывезла для Прыгожына ў падарунак золата. Гэта было адказам суданскага боку на пастаўку ім кіраўніком ПВК «Вагнэр» ракет клясы «зямля-паветра». Расейскія найміты дапамагалі Сілам хуткага рэагаваньня здабыць сэрыю перамог над войскам Судана. У тым ліку ўзяць пад кантроль адно з прадпрыемстваў у Хартуме.

Суданскія ўлады і сам Прыгожын прысутнасьць ПВК «Вагнэр» у Судане падчас распачатага канфлікту адмаўлялі.

Перад ад’ездам у Маскву Прыгожын таксама наведаў Малі, піша газэта. Ён правёў некаторы час у Бамако і адтуль адправіўся ў Маскву.

21 жніўня ў каналах, блізкіх да ПВК «Вагнэр», зьявіўся відэазварот Прыгожына, у якім ён паведаміў, што ПВК знаходзіцца ў Афрыцы і займаецца барацьбой з радыкальнымі ісламісцкімі групоўкамі. Краіны і даты запісу Прыгожын не назваў.

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG