Пракуратура Менску паведаміла, што менчука арыштавалі на тры месяцы за ўхіленьне ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу.
Паводле інфармацыі пракуратуры, абвінавачаны нібыта асабіста пад подпіс атрымаў позву для праходжаньня мэдычнага абсьледаваньня. Пазьней, адчуўшы сябе кепска, зьвярнуўся ў паліклініку, дзе ў сувязі з захворваньнем атрымаў «бальнічны».
Аднак, як цьвердзіць пракуратура, пасьля ён не зьявіўся па позве ў ваенкамат і не прадставіў дакумэнтаў аб прычынах няяўкі. Пры гэтым мужчына два месяцы не выходзіў на сувязь, хоць знаходзіўся дома, заявілі ў пракуратуры.
«На судовым пасяджэньні абвінавачаны прызнаў сваю віну ў поўным аб’ёме. Раней ён ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці за аналягічнае злачынства», — гаворыцца ў паведамленьні пракуратуры Менску.