Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пратэст у Беларусі сышоў у падпольле», — Ціханоўская выступіла на форуме ў Славеніі


Сьвятлана Ціханоўская выступае на Міжнародным стратэгічным форуме ў Бледзе, Славенія. 28 жніўня 2023 году
Сьвятлана Ціханоўская выступае на Міжнародным стратэгічным форуме ў Бледзе, Славенія. 28 жніўня 2023 году

Дэмакратычная лідэрка Беларусі бярэ ўдзел у Міжнародным стратэгічным форуме ў Бледзе. Чакаецца, што яна правядзе там перамовы з прэзыдэнтам Славеніі, прэм'ер-міністрам Баўгарыі, міністрамі замежных спраў Канады і Паўночнай Македоніі.

Выступаючы на Міжнародным стратэгічным форуме ў Бледзе, Сьвятлана Ціханоўская зазначыла, што многія гады Эўропа жыла мітам аб вялікай непераможнай Расеі:

«Лічылася, што Расея занадта моцная, і мы павінныя любой цаной захаваць добрыя адносіны з Расеяй. Эўрапейская палітыка ў адносінах да Расеі заўсёды была асьцярожнай, каб пазьбегнуць магчымай канфрантацыі. У выніку расейскі імпэрыялізм узмацніўся. Адной зь яго ахвяр зьяўляецца Украіна, а другой — Беларусь».

«Але ён пацярпіць няўдачу. Гэта прырода любой дыктатуры. Яны здаюцца непераможнымі, пакуль раптоўна не ўпадуць. Аўтарытарныя рэжымы асуджаныя на крах. Беларускае паўстаньне 2020 году, а пасьля і вайна ва Ўкраіне моцна зьмянілі беларусаў. Людзі відавочна аддалі перавагу дэмакратыі перад дыктатурай, свабодзе перад тыраніяй і Эўропе перад Расеяй», — сказала Ціханоўская.

Ціханоўская зазначыла, што ў 2020 годзе ў Беларусі на стале перамоваў не было геапалітычнага выбару.

«Мы проста патрабавалі свабодных выбараў. Але мы ўсьвядомілі, што геапалітычны выбар і дэмакратыя ўзаемазьвязаныя. Пад пятой Расейскай імпэрыі ня можа быць свабодных выбараў. Калі пачалася вайна, стала відавочна, што Эўропа азначае бясьпеку, а Расея азначае вайну. Людзі, якія ратаваліся ад рэпрэсій, зьехалі не ў Расею, а ў Эўропу, і знайшлі там прытулак».

Ціханоўская заявіла, што нават прыхільнікі рэжыму ў Беларусі ня хочуць дзяліць сваю будучыню з расейскім агрэсарам.

«Нягледзячы на ўсе спробы ізаляваць нашую краіну ад Эўропы, беларусы не адмаўляюцца ад барацьбы за Эўропу і эўрапейскія каштоўнасьці. Нягледзячы на рэпрэсіі, людзі працягваюць супраціўляцца, хоць іх пратэст сышоў у падпольле».

Ціханоўская заклікала быць гатовымі да таго, што акно магчымасьцяў адчыніцца, і сказала, што апазыцыя працуе над праектам рэформаў і новай дэмакратычнай Канстытуцыі Беларусі, якая гарантуе, што дыктатура і тыранія ніколі ня вернуцца ў нашую краіну, каб, калі надыдзе момант, хутка інтэграваць Беларусь у эўрапейскія інстытуты.

Ціханоўская сказала, што падчас вайны назірае небясьпечную тэндэнцыю ў эўрапейскай палітыцы, і нагадала пра заклікі да забароны беларускім грамадзянам атрымліваць візы, стыпэндыі.

«Гэта няправільна. Гэта дапаможа толькі Пуціну і Лукашэнку. Забараніце рэжым. Спыніце транзыт тавараў. Увядзіце санкцыі супраць дзяржаўных банкаў. Але дапамажыце людзям захаваць сувязь з Эўропай.

Сотні тысяч беларусаў, якія ўцяклі ад рэпрэсій пасьля 2020 году, могуць стаць асобамі без грамадзянства. Рэжым не падаўжае пашпарты і ўвёў закон аб пазбаўленьні грамадзянства беларусаў у выгнаньні. Каб вырашыць гэтую праблему, мы распрацавалі праект новых беларускіх пашпартоў. Мы зьбіраемся друкаваць узоры і просім эўрапейскіх партнэраў прызнаць іх. Гэта дасьць людзям адчуваньне прыналежнасьці да Беларусі і Эўропы», — заявіла Ціханоўская.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG