Сьвятлана Ціханоўская 27 жніўня пачынае візыт у Аўстрыю і Славенію, паведаміў BPN галоўны дарадца дэмакратычнага лідэра Франак Вячорка.
Паводле яго слоў і згодна з раскладам мерапрыемстваў, у першы дзень разам зь міністрам замежных справаў Аўстрыі Аляксандрам Шаленбэргам, прэзыдэнтам Косава В’ёсай Асмані-Садрыю і кіраўніком украінскага Цэнтру грамадзянскіх свабод (уладальнік Нобэлеўскай прэміі міру за 2022 год) Аляксандрай Мацьвійчук Ціханоўская выступіць на Эўрапейскім форуме ў Альпбаху ў межах мерапрыемства «Роля Эўропы ў сьвеце і сьмелая Эўропа — эўрапейскае суседзтва і геапалітыка».
Там жа на наступны дзень яна возьме ўдзел у панэльнай дыскусіі «Як ЭЗ можа стаць геапалітычным актарам у сваім усходнім суседзтве?», прысьвечанай рэгіянальнай бясьпецы і будучыні Ўсходняга партнэрства.
Таксама там выступяць дэпутат Эўрапейскага парлямэнту Сяргей Лагадзінскі (Нямеччына), дэпутатка Вярхоўнай Рады Марыя Мезенцава, былы прэм’ер-міністар, былы міністар замежных спраў Швэцыі, сустаршыня апякунскай рады Эўрапейскай рады міжнародных зносінаў Карл Більдт.
Як адзначыў Вячорка, Ціханоўская будзе ўздымаць пытаньні палітвязьняў, прыцягненьня памагатых рэжыму да адказнасьці, дапамогі беларускім рэлякантам і ўключэньня дэмакратычнай Беларусі ў эўрапейскія структуры і праграмы.
«Эўрапейскі форум у Альпбаху заснаваны пасьля ІІ сусьветнай вайны як пляцоўка для абмеркаваньня шляхоў барацьбы з нацызмам і камунізмам, дзеля ўсталяваньня дэмакратыі і міру ў Эўропе», — дадаў дарадца.
28 і 29 жніўня Ціханоўская возьме ўдзел у міжнародным стратэгічным форуме ў славенскім Бледзе, дзе разам з прадстаўнікамі Грузіі, Армэніі і Чэхіі выступіць на дыскусіі «Ўсходняе партнэрства ЭЗ на раздарожжы: новая рэальнасьць, новы падыход?»
«Ціханоўская прадставіць бачаньне адносінаў паміж Беларусьсю і ЭЗ, прэзэнтуе пазыцыю дэмакратычных сілаў аб эўрапейскім выбары, прынятай 6 жніўня ў Варшаве на канфэрэнцыі „Новая Беларусь“, і праект новага беларускага пашпарту», — паведаміў Вячорка.
Паводле яго інфармацыі, заплянаваны перамовы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Славеніі, прэм’ер-міністрам Баўгарыі, міністрам замежных справаў Канады, міністрам замежных справаў Паўночнай Македоніі, якая старшынюе ў АБСЭ.
Форум адбудзецца пад лёзунгам «Салідарнасьць дзеля глябальнай бясьпекі».