Пра гэта гаворыцца ў справаздачы аб рэлігійнай свабодзе за 2023 год міжнароднай каталіцкай дабрачыннай арганізацыі «Дапамога царкве ў патрэбе», якая мае статус папскага фонду.
«Законы, зьвязаныя са свабодай веравызнаньня, цяжкія, апарат Упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў і мясцовыя ўлады прымяняюць іх з суб’ектыўным падыходам. Паўсюдныя перашкоды для рэлігійнага жыцьця, у тым ліку вядзецца сачэньне [за вернікамі], — гаворыцца ў дакумэнце. — Нягледзячы на гэта тое, што Беларуская праваслаўная царква займае прывілеяванае становішча, лічачы сябе адным з асноўных элемэнтаў самабытнай беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці, яна пэрыядычна сутыкаецца з праблемамі, зьвязанымі з інтарэсамі аўтакефаліі».
Фонд канстатуе, што пэрспэктывы паляпшэньня сытуацыі са свабодай веравызнаньня не праглядаюцца, паколькі «няма ніякіх прыкмет таго, што цяперашні рэжым спыніць парушэньні правоў чалавека».
У справаздачы згадваюцца выпадкі стварэньня перашкод розным рэлігійным групам, якія фіксаваліся як да поствыбарчых масавых пратэстаў 2020 году, так і пасьля іх.
Паводле маніторынгу ініцыятывы «Хрысьціянская візія», з 2020 году і па сярэдзіну жніўня 2023-га тыя ці іншыя формы рэпрэсій зазналі ня менш за 60 царкоўных служак: праваслаўных — 19, рымска-каталіцкіх — 22, грэка-каталіцкіх 5, пратэстанцкіх — 14.