Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская: Беларусы зноў павінны змагацца за незалежнасьць, якая аказалася «пад самай вялікай пагрозай за ўсю найноўшую гісторыю»


Сьвятлана ЦІханоўская
Сьвятлана ЦІханоўская

Незалежнасьць «ня ўпала на галаву» беларусам, а стала вынікам «гераізму папярэдніх пакаленьняў», заявіла Сьвятлана Ціханоўская 25 жніўня.

Заява прагучала ў відэазвароце з нагоды 32-й гадавіны наданьня статусу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР (прынята 27 ліпеня 1990 году).

На думку Сьвятланы Ціханоўскай, сёньня Беларусь «зноў апынулася на раздарожжы: стаць часткай „русского мира“ і растварыцца ў імпэрыі або вырвацца зь яе кіпцюроў, стаць заможнай і свабоднай эўрапейскай дзяржавай».

Беларусы, заявіла Ціханоўская, зноў павінны змагацца за сваю незалежнасьць, бо цяпер «яна пад самай вялікай пагрозай за ўсю найноўшую гісторыю».

«На нашай тэрыторыі знаходзяцца расейскія салдаты, іх вайсковыя базы. Найміты-злачынцы, якія разбураюць украінскія гарады і забіваюць мірных грамадзян. Ядзерная зброя, якая ператворыць Беларусь у мішэнь на ваенных мапах. У нашых музэях замест рэліквій беларускай культуры — кавадла ПВК „Вагнэр“. А школьнікаў вядуць не ў тэатар, каб глядзець п’есы [клясыка беларускай літаратуры Янкі] Купалы, а паказваюць калёніі і памежныя атрады», — сказала дэмакратычная лідэрка.

Яна падкрэсьліла, што незалежнасьць — гэта «не лжэстабільнасць, пра якую гаворыць Лукашэнка», «ня гандаль сувэрэнітэтам за крэдыты Крамля», а «самастойная і эфэктыўная эканоміка і дастойная аплата працы», «магчымасьць весьці свой бізнэс безь перашкод з боку дзяржавы».

«Незалежнасьць — гэта не ідэалягічныя сходы і вайсковыя парады за народныя грошы, а сучасная інфраструктура, якасная мэдыцына для ўсіх грамадзян, а ня толькі для дзяржаўнай эліты. Адукацыя без ідэалягічнага прымусу. І, вядома, незалежнасьць — гэта ня быць у чыёйсьці сфэры ўплыву, а магчымасьць самастойна выбіраць партнэраў і шлях разьвіцьця краіны. Будаваць добрыя адносіны з суседзямі. Шанаваць уласную гісторыю, мову, культуру. І перадаваць нацыянальныя каштоўнасьці з пакаленьня ў пакаленьне», — заявіла Ціханоўская.

Паводле яе, дзеля такой будучыні беларусы «выходзілі ў 2020-м на вуліцы».

«За такую будучыню сёньня цярпяць палітычныя зьняволеныя ў лукашэнкаўскіх турмах. Пра такую Беларусь мараць і тыя, хто вымушана пакінуў радзіму, але хочуць хутчэй вярнуцца дадому», — сказала палітык.

Яна ўпэўнена, што ў беларусаў «хопіць і сіл, і вытрымкі, і розуму» перамагчы — дзеля будучыні сваіх дзяцей, «незалежнасьці і працьвітаньня» краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG