Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк знайшлася ў рэчыцкім ІЧУ. Пра гэта ў Facebook напісаў яе муж Андрэй Шарэнда.
«Туды Паліну этапавалі для правядзення загадкавых „следчых дзяньняў“. Хутчэй за ўсё, новая крымінальная справа нарэшце скончаная і Паліну будуць спрабаваць зь ёй азнаёміць. Пасьля гэтага Паліну, верагадна, ізноў этапуюць у СІЗА № 3 Гомля да суду. У рэчыцкім ІЧУ нам паведамілі, што Паліна ў іх знаходзіцца на „спэцыяльным рэжыме“, перадачы і пасылкі ёй забаронены», — напісаў ён.
6 жніўня актывістка «Эўрапейскай Беларусі» Паліна Шарэнда-Панасюк мелася выйсьці на волю пасьля адбыцьця прызначанага судом тэрміну і дадатковага году зьняволеньня, але на яе завялі новую крымінальную справу паводле 411 артыкула КК — за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы». Палітзьняволенай пагражае яшчэ 1 год зьняволеньня.
«Справа ўжо завершаная, але Паліна яшчэ не пачала зь ёю знаёміцца. Ведаю, што віны яна не прызнае», — сказаў муж актывісткі.
Беларускага палітвязьня, якога Расея перадала Беларусі, зноў судзяць
Зьмітра Сушчыка асудзілі на 1,5 года калёніі пасьля таго, як расейскія ўлады перадалі яго беларускай пры спробе ўехаць на тэрыторыю Расеі. 24 жніўня яго судзяць ужо па артыкуле аб злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі (арт. 411 КК), піша тэлеграм-канал «Право имеют». Справу разглядае судзьдзя Натальля Козел.
Зьмітра Сушчыка з Наваградка затрымалі расейскія памежнікі, калі той спрабаваў выехаць зь Беларусі. Яго перадалі беларускім сілавікам, зьмясьцілі ў СІЗА па абвінавачаньні ў крымінальных справах аб абразе прэзыдэнта (арт. 368 КК) і абразе дзяржаўнай сымболікі (арт. 370 КК).
Летась 2 сакавікасуд Навагрудзкага раёна прызнаў Зьмітра вінаватым і прысудзіў яму 1,5 года калёніі агульнага рэжыму.
У красавіку Зьмітра перавялі зь СІЗА-3 у аршанскую калёнію № 8. У чэрвені яго зьмясьцілі ў ПКТ і на 9 месяцаў пазбавілі спатканьняў і званкоў. Таксама вядома, што Зьмітра рэгулярна зьмяшчаюць у ШЫЗА за «парушэньне парадку». Пры гэтым тэрмін, праведзены там, не залічваецца ў тэрмін ПКТ.
У пачатку верасьня стала вядома, што ў Оршы адбыўся суд па ўзмацненьні рэжыму палітвязьню. Па рашэньні судзьдзі Зьмітра перавялі на турэмны рэжым і накіравалі ў горадзенскую турму № 1. Пасьля прыбыцьця туды яму адразу выпісалі два парушэньні і зноў зьбіраліся зьмясьціць у ШЫЗА.