У квартальнай справаздачы EPAM гаворыцца, што на канец чэрвеня кошт актываў кампаніі ў Беларусі складае 53,5 млн даляраў, заўважыла OfficeLife. Для параўнаньня: год таму яны ацэньваліся ў $64,4 млн, у 2020–2021 гадах — у $75–78 млн.
Цяпер беларускі бізнэс EPAM па аб’ёме займае трэцяе месца, саступаючы ўкраінскаму офісу, дзе сканцэнтраваная маёмасьць на 67 млн даляраў, і амэрыканскаму (61 млн). Сума ўсіх актываў EPAM ва ўсіх лякацыях ацэньваецца ў 255,7 млн даляраў, з канца мінулага году гэты паказчык зьнізіўся на 18 млн даляраў.
Кампанія ўдакладняе, што ў яе ёсьць сродкі ў некалькіх краінах, у тым ліку ў Беларусі, Расеі і Ўкраіне. Па стане на 30 чэрвеня сродкі кампаніі ў банках Беларусі складалі $38,5 млн, у банках Украіны — $50,9 млн, у банках Расеі — $24,8 млн. Грошы ва Ўкраіне і Беларусі выкарыстоўваюцца для апэрацыйных запатрабаваньняў мясцовых прадпрыемстваў, і астачы на рахунках зьмяняюцца ў залежнасьці ад чаканых апэрацыйных запатрабаваньняў.
У кампаніі ўдакладнілі, што некаторыя кліенты «зрабілі крокі па блякаваньні інтэрнэт-камунікацый з Расеяй, Украінай і Беларусьсю для абароны ад патэнцыйных кібэратак ці іншых пагрозаў інфармацыйнай бясьпецы». Падобныя нэгатыўныя наступствы вымушаюць EPAM пераносіць частку каманды ў іншыя краіны і абмяжоўваюць здольнасьць удзельнічаць у пэўных праектах.
Выручка рэгіёну Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, які ўключае ў сябе Беларусь, Грузію, Казахстан, Расею, Ўкраіну і Ўзбэкістан, за II квартал 2023 году склала $7,815 млн, або 0,7% агульнага абʼёму выручкі кампаніі. За тры апошнія месяцы чысты прыбытак кампаніі склаў $120 млн, ён вырас у 6,5 раза да чэрвеня 2022-га. Пры гэтым выручка EPAM Systems Inc. зьнізілася за II квартал на 2,1% — да $1,17 млрд.
З 2020 году зь Беларусі пачаўся масавы адток спэцыялістаў ІТ-галіны. Шмат кампаній цалкам згарнулі свой бізнэс у краіне і пераехалі за мяжу. Хваляў ІТ-эміграцыі было дзьве: пасьля жніўня 2020 году і пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022-га.
За мінулы год з IT-кампаній звольнілася больш за 29,5 тысячы спэцыялістаў — гэта на 74% больш, чым у 2021 годзе.
Пра масавую рэлякацыю супрацоўнікаў гавораць крыніцы ў буйных беларускіх ІТ-офісах: Wargaming (у сувязі з поўным закрыцьцём кампаніі ў Беларусі), EPAM, Exadel, iTechArt, Itransition, Playtika ды іншых. Пра адток спэцыялістаў з ІТ-сэктару Беларусі сьведчыць статыстыка найманьняў і звальненьняў.