Апытаньне ўладальнікаў прамысловых кампаній, праведзенае Навукова-дасьледчым эканамічным інстытутам Мінэканомікі, паказала даволі аптымістычныя настроі, паведамляе «Зеркало». 41% апытаных паведамілі пра рост аб’ёмаў выпуску, 39% — пра яго захаваньне. Траціна апытаных паведаміла аб росьце попыту.
«На прадпрыемствах расьце занятасьць. Звыш 90 адсоткаў кіраўнікоў паведамілі пра захаваньнеабо рост колькасьці работнікаў. У бліжэйшай пэрспэктыве дырэктары прагназуюць далейшы рост абʼёмаў вытворчасьці, а таксама чакаюць павелічэньня попыту і прыбытку», — заявілі ў Мінэканомікі.
Апытаньне 300 кампаній малога і сярэдняга бізнэсу, якое правёў BEROC, паказала, што ў іх захоўваецца аптымізм. Збольшага гэта зьвязана з аднаўленьнем у прамысловасьці і адаптацыі кампаній галіны да санкцый, а таксама паляпшэньня сытуацыі ў будаўніцтве. Ня гэтак пазытыўна глядзяць у сучаснасьць і будучыню прадстаўнікі гандлю. У астатніх галінах прадпрымальнікі глядзяць у сучаснасьць і будучыню «з нэўтральным стаўленьнем».
Сярод галоўных праблемаў прадпрымальнікі назвалі цяжкасьці, зьвязаныя з санкцыямі. Гэта цяжкасьці з пастаўкамі і фінансавыя праблемы. У гандлі сярод актуальных праблем называюць рэгуляваньне коштаў.
- З пачатку 2023 году Беларусь страціла 2,6 тысячы занятых, вынікае з дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі.
- У Беларусі ўстаноўлены чарговы антырэкорд па колькасьці занятых у эканоміцы: паводле зьвестак Белстату, у эканоміцы краіны ў чэрвені было занята 4 млн 148,1 тысячы чалавек — гэта на 2,6 тысячы менш, чым было ў траўні (4 млн 150,7 тысячы) і на 24,8 тысячы менш, чым было ў студзені 2023 году (4 млн 172,9 тысячы).
- За апошні год колькасьць работнікаў у Беларусі зьменшылася на 58,9 тысячы: у чэрвені 2022 году ў эканоміцы Беларусі было занята 4 млн 207 тысяч чалавек.