У выведцы Міністэрства Вялікай Брытаніі заявілі, што пасьпяховая атака на вайсковы аэрадром «Сольцы» ў Наўгародзкай вобласьці і зьнішчэньне самалёта Ту-22М3 сьведчыць аб немагчымасьці Расеі абараняць свой тыл.
«У Мінабароны Расеі заявілі, што напад адбыўся пры дапамозе бесьпілётніка верталётнага тыпу. Калі гэта праўда, гэта дадае вагі ацэнцы, што некаторыя атакі бесьпілётнікамі па расейскіх вайсковых аб’ектах наносяцца з тэрыторыі Расеі. Бесьпілётнікі верталётнага тыпу наўрад ці змогуць даляцець да „Сольцаў“ з-за межаў Расеі», — адзначылі ў вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі.
Брытанскія выведнікі нагадалі, што Расея менавіта з самалётаў Ту-22М3 абстрэльвала Ўкраіны недакладнымі цяжкімі супрацькарабельнымі ракетамі. У пачатку вайны зь іх таксама вялі інтэнсіўныя бамбаваньні Марыюпаля з выкарыстаньнем некіраваных бомбаў.
«Гэта як мінімум трэцяя пасьпяховая атака на вайсковыя аэрадромы, што выклікае сумневы ў здольнасьці Расеі абараняць стратэгічныя месцы ў глыбіні краіны», — адзначаецца ў паведамленьні вайсковай выведкі Вялікай Брытаніі.
У Кіеве паведамілі, што дывэрсіі ў Расеі ажыцьцяўляюць «таемныя групы»
Украінскае выданьне НВ са спасылкай на свае крыніцы ў Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведаміла, што дывэрсіі супраць вайсковых самалётаў Расеі ажыцьцяўляюць таемныя групы, дзейнасьць якіх каардынуе вайсковая выведка Ўкраіны.
«Гэтыя апэрацыі з дронамі каардынуе Галоўнае ўпраўленьне выведкі і [у іх выніку] нанесьлі адчувальныя страты ворагу ў вайсковай авіяцыі. Ды і галоўнае, што такіх самалётаў [Ту-22 М3] у краіне-агрэсарцы ўжо не ствараюць», – працытавала ўкраінскае выданьне свайго суразмоўцу ў выведцы.
Выданьне ўдакладніла, што за апошнія некалькі дзён групы дывэрсантаў, якія каардынуе вайсковая выведка, абясшкодзілі пяць расейскіх самалётаў, у тым ліку стратэгічныя бамбавікі, якія наносілі ўдары па ўкраінскіх гарадах.
Апроч атакі на вайсковы аэрадром у Наўгародзкай вобласьці 19 жніўня, калі быў зьнішчаны самалёт Ту-22 М3 і яшчэ два атрымалі пашкоджаньні, раніцай 21 жніўня ў Калускай вобласьці на аэрадроме «Шайкоўка» яшчэ два самалёты атрымалі пашкоджаньні.
19 жніўня Міністэрства абароны Расеі паведаміла аб атацы дронам на вайсковы аэрадром у Наўгародзкай вобласьці. Расейцы нібыта заўважылі бесьпілётнік на падлёце да аэрадрома, але не змаглі зьбіць. У выніку ўзьнік пажар на стаянцы самалётаў, адзін зь якіх атрымаў пашкоджаньні.
21 жніўня выданьне The Moscow Time паведаміла, што ў Расеі больш не засталося інжынэрна-будаўнічай базы для вырабу такіх самалётаў, які быў зьнішчаны на аэрадроме «Сольцы».
Паводле выданьня, у выніку дывэрсій і нападаў зьнішчана і пашкоджана больш за дзесяць расейскіх самалётаў і верталётаў на авіябазах у Беларусі, акупаваным Крыме, Разані, Энгельсе, Новасібірскай і Пскоўскай абласьцях, але гэта першы зафіксаваны выпадак зьнішчэньня Ўкраінай стратэгічнага бамбавіка Ту-22М3.
У сьнежні 2022 году Ўкраіна атакавала расейскія авіябазы стратэгічнай авіяцыі ў Энгельсе і Разанскай вобласьці. Апошнім часам дроны таксама атакуюць расейскія тэрыторыі, у тым ліку Маскву.