Праваабаронцам стала вядома, што 11 жніўня на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму асудзілі палітзьняволеную 68-гадовую пэнсіянэрку Натальлю Пятровіч.
Прысуд вынесла Вера Галаўко ў Менскім гарадзкім судзе, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Таксама Натальля мусіць выплаціць кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры больш як тры тысячы рублёў за «абразу прадстаўніка ўлады».
Натальлю Пятровіч прызналі вінаватай паводле
- ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу (абраза прэзыдэнта),
- арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады),
- ч. 1 арт. 130 КК (распальваньне варожасьці ці варажнечы),
- ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь),
- ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).
Жанчыну затрымалі 19 сьнежня 2022 году ў яе кватэры, прычынай сталі напісаныя ёю камэнтары. Першапачаткова ёй таксама ставілі ў віну арт. 342 Крымінальнага кодэксу, але ён быў зьняты падчас сьледзтва. У сакавіку праваабаронцы прызналі Натальлю Пятровіч палітычнай зьняволенай.
Нядаўна яна даслала ліст з-за кратаў, у якім напісала: «Вы за мяне, калі ласка, не перажывайце, ва ўсялякім разе я нікога не забіла, нічога ня скрала, нікога не падманула і любому чалавеку магу спакойна і адкрыта глядзець проста ў вочы. Я ў парадку».