Затрыманы топ-мэнэджар БелАЗу
«КМА-БелАЗ» — гэта прадстаўніцтва БелАЗу ў Белгарадзкай вобласьці Расеі. Відэа зь ім апублікавалі ў праўладным тэлеграм-канале. Паводле якога артыкулу затрымалі Фёдарава, не ўдакладняецца, піша «Медиазона».
На відэа, якія традыцыйна запісваюць сілавікі пад фізычным і псыхалягічным ціскам, Андрэй Фёдараў у разарванай на рукавах кашулі, у яго тату зь беларускай нацыянальнай сымболікай. Па Беларусі пракацілася цэлая хваля затрыманьняў за тату ў нацыянальным духу.
Імаверна, топ-мэнэджара затрымалі за нядзельныя маршы ў 2020-м і нэгатыўныя камэнтары супраць сілавікоў у інтэрнэце.
Затрыманьні ў Наваградку
Праваабарончая арганізацыя «Вясна» паведаміла, што на мінулым тыдні міліцыянты затрымалі на працоўных месцах ня менш як траіх супрацоўнікаў Наваградзкага заводу газавай апаратуры.
Сярод затрыманых ёсьць жанчына. Як паведамілі праваабаронцам, затрыманьні на заводзе адбываюцца амаль кожны тыдзень за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы. Супрацоўнікаў прымушаюць здаваць тэлефоны на праверку.
«Чысткамі» на прадпрыемстве нібыта займаецца былы супрацоўнік Наваградзкага РАУС Машчар, які цяпер працуе ідэолягам на НЗГА.