На сустрэчы 13 жніўня заяўлена пра стварэньне ў Варшаве Смаленскага рэспубліканскага цэнтру — палітычнай арганізацыі прыхільнікаў незалежнасьці Смаленшчыны ў шчыльным хаўрусе з будучай Беларусьсю.
Пра гэта заявіў дзейны дэпутат Смаленскай абласной думы Расеі Ўладзіслаў Жывіца і заклікаў далучыцца да гэтага руху смаленскіх чыноўнікаў і дэпутатаў усіх узроўняў. У сваёй прамове ён адзначыў, што «Расея павінна быць разбурана», цытуе Жывіцу тэлеканал «Белсат».
Уладзіслаў Жывіца зьяўляецца адзіным дзейным дэпутатам рэгіянальнага парлямэнту, які адкрыта выступіў за незалежнасьць свайго рэгіёну, гаварылася ў прэс-рэлізе мерапрыемства.
Дэлегат Каардынацыйнай рады Беларусі Ян Рудзік адзначыў, што Смаленск спачатку павінен стаць незалежным, а пазьней у выніку розных інтэграцыйных праектаў можа далучыцца да Беларусі, і вызначаць гэта павінны самі жыхары Смаленшчыны праз рэфэрэндум.
Рудзік падкрэсьліў, што спачатку павінна адбыцца «дэакупацыя» Смаленску ў вайне Расеі супраць Беларусі. Для жыхароў Смаленшчыны, якім будзе неабходна, арганізуюць гуманітарны калідор. А смаляне зь беларускімі каранямі змогуць атрымаць пашпарт новай Беларусі.
«Смаленскі рэспубліканскі цэнтар» заявіў, што будзе цесна супрацоўнічаць з палком Каліноўскага для вызваленьня Смаленшчыны.