Затрыманы палескі журналіст-фрылянсэр Аляксандар Ігнацюк
Як высьветліла «Берасьцейская вясна», сілавікі затрымалі Ігнацюка прыкладна тры тыдні таму. Ён даўно жыў на адлюдзьдзі на Палесьсі, таму пра ягонае затрыманьне стала вядома выпадкова. Неабыякавыя людзі занепакоіліся, бо ён доўга не выходзіў на сувязь.
Выявілася, што Аляксандра зьмясьцілі ў берасьцейскі СІЗА-7. Паводле неправеранай інфармацыі, яму інкрымінуюць «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК).
Аляксандар Ігнацюк — журналіст-фрылянсэр зь Пінску, уладальнік сайту і старонкі ў TikTok «Про Столин». На яго ўжо ціснула дарагічынская міліцыя за асьвятленьне справы Сяргея Гардзіевіча ў Янаве (Гардзіевіч добры сябар Ігнацюка). Аляксандар лічыў, што ператрус у 2021 годзе быў выкліканы асабістымі матывамі, бо ён заяўляў, што мае доказы фальсыфікацыі справы супраць Гардзіевіча.
Берасьцеец абразіў амапаўца: пракурор запрасіў год калёніі і 120 базавых штрафу
Суд Берасьцейскага раёна 8 і 9 жніўня разглядаў крымінальную справу, заведзеную на 35-гадовага Міхаіла Літвака. Мужчыну абвінавачвалі паводле арт. 369 КК у публічнай абразе прадстаўніка ўлады. Судзьдзёй на працэсе выступаў Сяргей Маручак, дзяржаўны абвінаваўца — памочкік пракурора раёну Аляксандар Таранько, паведамляе «Вясна».
Міхаіла абвінавачвалі ў тым, што 9 жніўня 2021 году ў тэлеграм-чаце «Рэальная Беларусь Чат» ён пакінуў паведамленьне, якое прызналі публічнай абразай камандзіра ўзвода АМАПа Валянціна Пашкевіча, а менавіта выкарыстаў слова «дэбіл». На судзе Пашкевіч, які абразіўся, прысутнічаў асабіста. Згадаў, што цяпер у Менску разглядаецца яшчэ адна крымінальная справа за камэнтар пра яго.
Прысуд Літваку абвясьцілі 9 жніўня, але рашэньне праваабаронцам пакуль не вядомае.
У Гомлі затрымалі буйнога гомельскага прадпрымальніка. Яго вінавацяць у падпісках на незалежныя СМІ
Як даведалася «Наша Ніва», затрыманы — 48-гадовы гамяльчук Дзьмітры Лебедзеў. Бізнэсовец каля 20 гадоў валодае памяшканьнем у Гомлі на вуліцы Карповіча, 45, дзе цяпер месьціцца гандлёвы цэнтар «Эўропа» (раней па тым жа адрасе быў гандлёвы дом «Сіла току», які таксама належаў Дзьмітрыю) і культурна-забаўляльны цэнтар «Эўропа», дзе месьцяцца рэстаран, начны клюб і бар.
Яму закідаюць падпіскі на незалежныя СМІ ў Інстаграме і тэлеграме. За гэта яму, як кажуць у канале ГУБАЗіКа, пагражае некалькі адміністратыўных спраў.