— Раскажыце пра сябе, хто вы, адкуль?
— Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь, нарадзіўся ў Баранавічах. З 2020 году ўдзельнічаў ва ўсёй гэтай гісторыі. Калі трыё рухалася па Беларусі, быў у складзе каманды. Праехаў усе гарады зь імі. На пачатку 2021 году выехаў за мяжу. Апошнім часам працаваў у Офісе Ціханоўскай. Увесь мінулы год і частку гэтага знаходзіўся ва Ўкраіне, займаўся сувязьзю з добраахвотнікамі, быў каардынатарам добраахвотніцкага руху ад Офісу Сьвятланы Ціханоўскай.
— А ў 2020 годзе як вы трапілі ў каманду таго трыё?
— Там была ініцыятыўная група, я заявіўся ў групу Валерыя Цапкалы, займаўся зборам подпісаў. Пасьля там зьмянілася сытуацыя, Валерый Вільямавіч выехаў, Вераніка далучылася да жаночага трыё, і я перайшоў у сумесную каманду.
— У вас цікавае мінулае, вы былі афганцам, выведнікам.
— Так, тэрміновую службу я служыў у вайсковай выведцы, мая вайсковая спэцыяльнасьць — выведнік. Служыў у Афганістане.
— Дык гэта толькі тэрміновая служба, далей вы не працягвалі?
— Не, толькі тэрміновая.
— Раскажыце пра вашу працу ў Офісе ў апошні час.
— Гэта была каардынацыя. Трэба было ўсталяваць дачыненьні з усімі добраахвотніцкімі структурамі, якія зьявіліся пасьля 24 лютага 2022 году, знайсьці пункты судакрананьня, зразумець, чым мы можам быць узаемна карысныя, якую трэба аказваць дапамогу. Мы адразу ўключыліся ў гэтую працу, завозілі аўтамабілі і іншыя рэчы, патрэбныя ваярам. Усталяваліся дачыненьні з камандзірамі, асобнымі ваярамі. Была задача зразумець іх жаданьні, пачуцьці і дапамагчы ім рэалізавацца ў сілу нашых магчымасьцяў.
— З палком Каліноўскага вы таксама супрацоўнічаеце?
— Так, у нас добрыя дачыненьні зь мінулага году, з самага пачатку. Першы раз мы выехалі туды ў сакавіку летась. Сустракаўся таксама зь іншымі падразьдзяленьнямі, якія там ёсьць, з асобнымі байцамі для разуменьня агульнай сытуацыі. Стараемся прыцягнуць да гэтага агульную ўвагу. Аказаць дапамогу і ў гэтым кірунку працаваць.
На сёньняшні момант сытуацыя зьмянілася, і супрацоўніцтва пашырылася. Летась кіраўніцтва Ўкраіны да беларускіх дэмакратычных сілаў ставілася калі не з ігнорам, то прахалодна, бо яны не зусім разумелі свае дачыненьні з рэжымам і не хацелі сабе пашкодзіць, бо ж у нас 1064 кілямэтры сумеснай мяжы. Так што летась сытуацыя была напружаная. Але сёлета ўсё зьмянілася. Яны пачулі дакладныя пасылы, цяпер працавалі такімі сынтэнт-групамі, страт-камандамі. Ёсьць ня менш за тры групы, якія працуюць непасрэдна па Беларусі. Таму мы спрабуем пашыраць супрацоўніцтва ня толькі на вайсковы кірунак, на нашых добраахвотнікаў, але і на грамадзянскую супольнасьць і наладжваць дачыненьні з Украінай і дэмакратычнай Беларусьсю. Пакуль.
— Дык перад вамі стаіць амбітная задача аб’яднаць усіх добраахвотнікаў, калі не ў адну структуру, то, прынамсі так, каб яны разам дзейнічалі на карысьць Беларусі?
— Так. Наша задача — знайсьці пункты судакрананьня. Мы павінны складаць як палітычны, так і вайсковы кірунак, каб у будучыні выпрацаваць агульную стратэгію. А таксама зразумець, якія ў нас ёсьць агульныя пункты судакрананьня з кіраўніцтвам Украіны, каб у будучыні дзейнічаць разам.
— І вельмі коратка. Чым вы займаліся да 2020 году?
— Я займаўся бізнэсам. У мяне ёсьць фірма. Я быў дырэктарам. Займаўся і перавозкай аўтамабіляў, і нерухомасьцю, здаваў яе ў арэнду.
— Вас у 2020 годзе затрымлівалі?
— Так, двойчы. Плюс затрымлівалі мае машыны. У мяне была «група таварышаў», якія займаліся бясьпекай трыё.
Вынікі канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023»
6 жніўня ў Варшаве Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада разам правялі канфэрэнцыю «Новая Беларусь 2023». На ёй адкрыта абмеркавалі супольныя дасягненьні і няўдачы дэмакратычных сілаў, а таксама далейшыя пляны і бачаньне будучыні Беларусі.
Па выніках канфэрэнцыі Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што звольніла Аляксандра Азарава, і абвясьціла аб новых прызначэньнях.
«Я прыняла рашэньне вызваліць Аляксандра Азарава ад пасады ў Аб’яднаным пераходным кабінэце. Разам з тым я б хацела, каб Аляксандар Азараў працягнуў працу пры кабінэце па пляне «Перамога» і каардынаваў супрацу зь беларускім падпольлем. Такім чынам, пазыцыя прадстаўніка ў аднаўленьні правапарадку робіцца вакантнай, і мы будзем шукаць адпаведную кандыдатуру», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
Нацыянальная лідэрка паведаміла, што ўзімку адбудуцца выбары ў Каардынацыйную раду, каб тая стала сапраўдным прадстаўнічым органам беларусаў. Перад выбарамі адбудзецца справаздача Каардынацыйнай рады.
Сьвятлана Ціханоўская паведаміла, што кіраўніком місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве прызначыла Генадзя Манько, які цягам апошняга году адказваў за супрацу Аб’яднанага пераходнага Кабінэту з палком Каліноўскага.
Маргарыта Ворахава стала дарадцай Сьвятланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтве.
Сьвятлана Ціханоўская не абвяшчала цалкам склад Аб’яднанага пераходнага кабінэту. Па выніках справаздачы паўнамоцтвы на наступны год пацьвердзілі кіраўнікам блёку «Транзыт улады» — Паўлу Латушку, блёку «Замежныя справы» — Валеру Кавалеўскаму, блёку «Абарона і нацыянальная бясьпека» — Валеру Сахашчыку і блёку «Нацыянальнае адраджэньне» — Аліне Коўшык.
Вакантнымі засталіся сілавы і эканамічны блёкі пасьля сыходу зь іх, адпаведна, Аляксандра Азарава і Тацяны Зарэцкай.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі — калектыўны выканаўчы орган дэмакратычных сіл Беларусі, створаны 9 жніўня 2022 году Сьвятланай Ціханоўскай. У кабінэт, які займаецца дзейнасьцю ў эміграцыі з цэнтральным офісам у Вільні (Літва), уваходзяць прадстаўнікі дэмакратычнага руху, бізнэсу і сілавога блёку Беларусі, якія прызнаюць Ціханоўскую нацыянальнай лідэркай.