Cтан здароўя палітзьняволенага Мікалая Статкевіча, асуджанага на 14 гадоў калёніі, пагоршыўся. Пра гэта Pozirkonline расказала крыніца, блізкая да ягонай сям’і.
Крыніца патлумачыла, што атрымаць больш інфармацыі пра стан палітвязьня фактычна немагчыма праз умовы ягонага утрыманьня: большую частку часу Статкевіч знаходзіцца ў адзіночнай камэры ва ўмовах асаблівага рэжыму і бачыць людзей, толькі калі адтуль яго пераводзяць у штрафны ізалятар.
Інфармацыі пра Статкевіча няма ўжо 168 дзён — начальнік папраўчай калёніі № 13, дзе ён адбывае тэрмін, спасылаецца на кепскую работу «Белпошты», паведаміла 27 ліпеня ў Facebook ягоная жонка Марына Адамовіч. Жонка палітыка таксама нагадала, што раней вярнулі мэдычную бандэроль, патлумачыўшы гэта тым, што «няма заявы».