У Батумі раніцай 27 ліпеня з Сочы прыбыў круізны лайнэр Astoria Grande з расейскімі турыстамі, але ён быў вымушаны пакінуць порт праз акцыі пратэсту, якія пачаліся з гэтай нагоды ў Батумі і Тбілісі.
Як паведаміў праект «Эхо Кавказа», пратэсты адбыліся ў цэнтры Тбілісі і ў порце Батумі. Яны пачаліся пасьля таго, як расейскія турысты ў інтэрвію грузінскім СМІ заявілі, што падтрымліваюць дзеяньні Расеі ў вайне з Грузіяй у 2008 годзе. У прыватнасьці, у адным з камэнтароў прагучала выказваньне «Расея вызваліла Абхазію ад грузінаў». Яшчэ адна турыстка паведаміла, што наведвала Абхазію.
У Тбілісі акцыя пратэсту адбывалася каля грузінскага парлямэнту. Некалькі грамадзкіх актывістаў спалілі там расейскі сьцяг. На акцыю ў Батумі ўдзельнікі выйшлі з плякатамі, на якіх было напісана: «Расея пазбаўляе нас нашай радзімы, жыцьця і будучыні», «Не — палітыцы абрусеньня», «Урад Грузіі ня зможа зрабіць з грузінскага народу расейцаў».
Паўднёвая Асэтыя і Абхазія да 1990 году ўваходзілі ў склад Грузінскай ССР. У пачатку 1990-х яны абвясьцілі незалежнасьць, якой Грузія не прызнала. У 2008 годзе пасьля «пяцідзённай вайны» з Грузіяй Расея разьмясьціла на тэрыторыі Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі свае войскі і прызнала іх незалежнасьць. Грузія лічыць гэтыя тэрыторыі акупаванымі Расеяй і абвінавачвае Расею ў парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны.