Міністэрства транспарту Літвы зьвярнулася ў Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі з просьбай ацаніць рызыкі, якія нясуць у сабе пасажырскія аўтобусныя зносіны зь Беларусьсю. Калі Дэпартамэнт пацьвердзіць асьцярогі ведамства пра небясьпеку, пасажырскія перавозкі могуць скараціць ці нават адмяніць цалкам, паведамляе літоўскі рэсурс tv3.lt.
Цяпер паміж Беларусьсю і Літвой дзейнічаюць 66 пасажырскіх аўтобусных маршрутаў. Іх ажыцьцяўляюць 11 літоўскіх і 22 беларускія перавозчыкі.
«Я ня ведаю, колькі едзе грамадзянаў Літвы, але, наколькі мы камунікавалі зь перавозчыкамі, аўтобусамі едуць шмат беларусаў, у якіх няма іншага варыянту вярнуцца з Эўропы. Паколькі яны працуюць і ў Літве, і ў іншых краінах ЭЗ, ім трэба вяртацца. Самалётаў больш няма», — адзначае прэзыдэнт Літоўскай асацыяцыі пасажырскага транспарту Гінтарас Накуціс.
Паводле яго, цяпер аўтобусы цалкам запоўненыя і на рэйсы існуе высокі попыт.
Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы раней неаднойчы казаў, што грамадзянам Літвы лепей адмовіцца ад паездак у Беларусь, а таксама паведамляў, што на мяжы актывізавалася дзейнасьць беларускіх спэцслужбаў: яны пачалі дапытваць грамадзян Літвы, правяраць іх кампутары і мабільныя тэлефоны, а таксама спрабаваць іх вэрбаваць, ужываючы шантаж і псыхалягічны ціск.