Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, па стане на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «ПВК Вагнэр» ў Беларусі можа дасягаць 5 тысяч, паведаміў сьпікер ведамства палкоўнік Андрэй Дземчанка ў камэнтары «Українській правді».
Ён адзначыў, што такая колькасьць для Ўкраіны «непасрэднай пагрозы не ўяўляе», але Сілы абароны Ўкраіны мусяць быць гатовыя да любых сытуацый, у тым ліку і да недапушчэньня правакацый на мяжы.
«Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны працягвае ўважліва адсочваць сытуацыю па прыбыцьці і знаходжаньні ў Беларусі расейскіх наймітаў», — дадаў Дземчанка і паведаміў, што ў сувязі з гэтым Украіна працягвае далей умацоўваць дзяржаўную мяжу.
- ПВК «Вагнэр» — неафіцыйнае расейскае ўзброенае падразьдзяленьне, не зьвязанае зь Мінабароны РФ або іншымі дзяржструктурамі. «Вагнэраўцы» бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь.
- 14 ліпеня Мінабароны Беларусі заявіла, што беларускія войскі тэрытарыяльнай абароны цяпер трэніруюць найміты ПВК «Вагнэр».
- Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».