Сярод задач факультатыўных заняткаў «Сьвятыні роднага краю» ў розныя гады навучаньня названыя «фармаваньне ў вучняў ведаў аб матэрыяльных і духоўных адметнасьцях роднага краю», «прапаганда і папулярызацыя матэрыяльных і духоўных каштоўнасьцяў».
Курс, як анансуецца, накіраваны на вывучэнне гісторыі свайго роднага рэгіёну і краіны. На ім маюць вывучаць помнікі духоўнай і матэрыяльнай культуры, згубленую спадчыну, помнікі архітэктуры і беларускія сьвятыні.
Падаецца і пералік тэмаў, якія прапануюць вывучаць на факультатыўных занятках. Так, у тэме «Помнікі матэрыяльнай культуры», на якую адведзена 6 гадзінаў, пазначаныя помнікі драўлянага і каменнага дойлідзтва, палацы і сядзібы (у тым ліку Каралеўскі палац у Горадні), палац Румянцавых-Паскевічаў у Гомлі, Косаўскі палац, палац у Жылічах.
Сярод культавых забудоваў названыя Мікалаеўская царква ў Магілёве), царква сьвятога Міхаіла ў Сынкавічах, Сафійскі сабор, Калоская царква, касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў Камаях, сынагога ў Быхаве.
Сярод аб’ектаў, якія пазначаныя як «ваенна-гістарычныя» — мэмарыяльны комплекс «Хатынь», манумэнт у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне, мэмарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасьць-герой», помнік Перамогі 1812 г. у Кобрыне.
Тры гадзіны факультатыўных заняткаў адведзеныя на вывучэньне страчанай спадчыны, сярод якіх і зруйнаваная Фара Вітаўта ў Горадні.
Мэтай факультатыву «Духоўная спадчына Беларусі (IX ст. – 1569 г.)» Мінадукацыі называе «фармаваньне патрыятычных і духоўна-маральных якасьцяў асобы вучня шляхам вывучэньня духоўнай спадчыны Беларусі пэрыяду першых дзяржаўных утварэньняў на яе тэрыторыі і часоў Вялікага Княства Літоўскага». Зьмест вучэбнай праграмы прадугледжвае вывучэньне этнакультурнай спадчыны беларускага народа: мовы, абрадаў, звычаяў, сацыянарматыўных традыцый, каштоўнасьцяў духоўнай і матэрыяльнай культуры.
Так, напрыклад, у тэме «Унёсак полацкіх князёў у фармаваньне духоўнай спадчыны беларускага народа» вучні будуць вывучаць Полацкае княства як дзяржаўнае ўтварэньне ўсходніх славян на тэрыторыі Беларусі і асобу князя Ізяслава —
пачынальніка дынастыі полацкіх князёў.
А ў разьдзеле «Духоўнае разьвіцьцё беларускіх земляў у складзе ВКЛ» сярод тэмаў пазначаныя «Асаблівасьці старабеларускай мовы як дзяржаўнай мовы ВКЛ» і «яе значэньне ў перадачы духоўнай спадчыны беларусаў». Вучням прапануюць напісаць творчую работу «Жыцьцё гараджан ВКЛ».