Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Што яшчэ не зрабілі і могуць зрабіць дэмакратычныя сілы за мяжой і чаму «ябацькі» вераць у Лукашэнку, як у бога


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Чаму РПЦ у Беларусі змагаецца з уніятамі?

— Бо не прызнае нашай незалежнасьці ад Расеі. Але Беларусь ніколі не была монаканфэсійнай краінай. Яшчэ нашы сярэднявечныя князі выдавалі прывілеі на роўнасьць цэркваў. Расея ж лічыць сябе праваслаўнай і традыцыйна варожа ставіцца да іншых канфэсій.

Унія ўзьнікла менавіта на беларускай зямлі (Берасьце, 1596), каб паяднаць праваслаўных і каталікоў і стаць такім чынам сваёй беларускай царквой. Да 1839 году, калі да нас прыйшла расейская адміністрацыя, большасьць беларусаў належала да грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы. Новыя маскоўскія ўлады гвалтам перавялі іх у РПЦ. Якраз ва ўніяцкай царкве мацуюць незалежнасьць краіны, служаць па-беларуску і ніколі не дадумаюцца «асьвячаць» кувалду Вагнэра.

— Беларусь была ў складзе Рэчы Паспалітай. Ці можам мы разглядаць гісторыю Польшчы як сваю?

— Калі нашы продкі добраахвотна аб’ядналі сваю краіну зь іншай, каб супрацьстаяць агрэсіі з усходу, чаму раптам гэтая гісторыя нам чужая? Іншай у нас не было.

Усе даброты цывілізацыі прыйшлі да нас з Захаду. Росквіт культуры і ўнівэрсытэцкай адукацыі. Узровень кампэтэнцыі кіраўнікоў і іх рэальнага служэньня народу, узровень праўды і здаровага розуму ў грамадзтве, узровень справядлівасьці судоў, на жаль, ня йдзе ў параўнаньне з тым, што прынесла нам расейскае панаваньне.

Гісторыю Польшчы як сваю мы можам разглядаць з большымі на тое падставамі, чым гісторыю Расеі. Асабліва ў той яе частцы, дзе яна ўзаемадзейнічае з нашай гісторыяй.

— Што значыць беларус беларусу беларус? Пра іншы народ так і ня скажаш.

Доўгі час многія беларусы зьвязвалі сваю ідэнтычнасьць толькі з тэрыторыяй, на якой жывуць. Пры тым палітыка русіфікацыі была разьлічаная на тое, каб беларус сам сябе ўспрымаў як «тоже русский». Калі ж за апошнія тры гады рэжым націснуў на чалавечнасьць, беларусы адразу аддзялілі сябе ад нялюдзкага рэжыму і адчулі сваю суб’ектнасьць. А калі яшчэ давялося зьехаць з краіны, зьнікла і прывязка да тэрыторыі.

У адкрытым плаваньні ідэнтычнасьць з вонкавай перамясьцілася ў самога беларуса. Ён адназначна не «ябацька», ён адназначна не «русский». А хто ж ён? Беларус беларусу беларус. Гэта абвостраная форма нацыянальнага самаўсьведамленьня.

— Ці ня рэжа вам вуха нэўтральная фармулёўка «Алесь Пушкін памёр у турме»?

— Рэжа, як і сама яго сьмерць, і дакладна ведаю, як рэзала б яму. Алесь быў просталінейным чалавекам што да кожнае подласьці, нецярпімым. Сьмерць у турме чалавека, які сядзіць за свае погляды і не нясе ніякай небясьпекі для грамадзтва, — гэта забойства.

У турме абсалютна ўсю адказнасьць за цябе нясуць тыя, хто цябе там трымае. Таму казаць, што ты «памёр» — гэта не паліткарэктнасьць, а падыгрываньне забойцам, згладжваньне іх адказнасьці, стакгольмскі сындром. Памерці — цалкам нэўтральнае слова, бывае нават жаданае: «Памерці ў сваёй пасьцелі»... Палітвязень у турме можа быць толькі забіты. Нават калі ён «проста памёр».

— «Ябацькі» вераць у Лукашэнку, як у бога. Але ж ён ня вечны і калісьці скончыцца яго ўлада. Няўжо яны гэтага не разумеюць?

— Мне згадаліся словы, вычытаныя ў дзёньніках Вячаслава Адамчыка. Маўляў, чаму мы кажам, што верым у Бога? Усяго толькі пра тое, што ён ёсьць або што яго няма. Але ж гэта поўная падмена самой веры. Трэба казаць не пра веру ў Бога, а пра веру Богу. Веру — як давяраю. Прыхільнікі могуць верыць у Лукашэнку, за якім сіла (пакуль яна ёсьць), але, я перакананы, што Лукашэнку яны ня вераць, бо даўно ведаюць круцяля. Вось і ўсё параўнаньне з Богам.

— Цяпер у Беларусі часта судзяць за распальваньне варожасьці, але гучыць гэта занадта абстрактна...

— Варожасьць відавочна распальваюць у рэжымным тэлевізары, гэта значыць, ёсьць замова Лукашэнкі (і ён сам падае прыклад) унесьці раскол у грамадзтва, каб паслабіць яго. Гэта галоўная задача «судоў» за палітыку. А паколькі формула абстрактная і яе немагчыма пацьвердзіць рэальнымі фактамі (тымі ж падабайкамі ў інтэрнэце), яна і ўжываецца ў якасьці фармальнага абвінавачаньня.

Асабліва цынічна гэта выглядае ў Беларусі, дзе людзі ў масе сваёй зусім ня схільныя да варожасьці. У Расеі існуе цэлы фальклёр на гэтую тэму, накшталт «быў бы чалавек, а справа знойдзецца», што як бы апраўдвае гэтую «традыцыю» расейскіх судоў.

— Чаго яшчэ не зрабілі і што могуць зрабіць дэмакратычныя сілы Беларусі, якія апынуліся за мяжой?

— Можна зрабіць цуд. У міжнароднай палітыцы такі цуд робіцца. А ўнутры супольнасьці нейкага агульнага працэсу няма.

Напрыклад, пачаць пераход на лацінку. Гэта б зьяднала беларусаў, паказала б рэжыму, што мы проста іншы народ, а ня нейкія вырадкі ў адным зь імі народзе. Гэта ўзмацніла б нашу матывацыю, а таксама нашу суб’ектнасьць і бясьпеку, між іншым. Бо далёка ня кожны гэбіст тую лацінку прачытае.

Магчыма, дэмакратычныя сілы яшчэ дасьпяваюць, набіраюцца адвагі, каб зрабіць цуд. Але факт, што гэта той крок, які ў іх і іх лідэраў застаецца ў запасе. Хочаш зьмяніць сьвет, зьмяніся сам — гэта пра гэта.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG