Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнэт выклалі фінальную вэрсію фільма «Купала»


Кадр зь фільма «Купала»
Кадр зь фільма «Купала»

Стужку можна назваць «скандальнай», бо яе доўга не маглі правесьці, а потым паклалі на паліцу праз палітычныя падзеі ў краіне.

Фільм пра вялікага беларускага паэта Янку Купалу, зьняты кінастудыяй «Беларусьфільм», зноў выклалі ў інтэрнэт. Гэтым разам мастацкую карціну рэжысэра Ўладзімера Янкоўскага можна паглядзець у добрай якасьці і з субтытрамі на ангельскай мове.

Старая вэрсія фільму, без спэцэфэктаў, даступная на YouTube.

Прэм’ера гістарычнай драмы мела адбыцца яшчэ 17 лістапада 2019 году, у Дзень беларускага кіно. Аднак тады паказ сарваўся. Была інфармацыя, што фільм пакажуць людзям толькі пасьля таго, як яго паглядзіць Аляксандар Лукашэнка. Але той так і не знайшоў на гэта часу.

Шырокі паказ фільма ў кінатэатрах плянавалася пачаць у 2020 годзе. Потым хацелі зрабіць 4-сэрыйную вэрсію для тэлевізіі. Прэм’ерны паказ стужкі прайшоў 14 лістапада 2020 году на пляцоўцы міжнароднага фэстывалю кіно «Маскоўская прэм’ера», там яму ўручылі прыз у намінацыі «Падзея году». А пляны паказаць фільм на іншых фэстывалях і ў Беларусі ня зьдзейсьніліся праз шэраг падзей у краіне, у тым ліку пандэмію каранавірусу.

Фільм паклалі на паліцу. Ён на кароткі час зьявіўся ў інтэрнэце ў нялепшай якасьці, аднак затым выдалілі і гэтую вэрсію. Частка карыстальнікаў пасьпела спампаваць яго зь сеціва.

«Купалу» агучвалi ў Чэхіі, бо спэцыялісты, якія прыехалі ў Беларусь, мусілі зьехаць праз эпідэмічныя абмежаваньні ў сувязі з COVID-19.

Здымкі праходзілі на Меншчыне: у Музэі народнай архітэктуры і побыту і ў Смалявічах. Ролю Янкі Купалы выканаў латвійскі актор Мікалай Шэстак.

Генэральным прадусарам фільму быў дырэктар «Беларусьфільму» Ўладзімер Карачэўскі, у эпізодах зьняліся журналісты «Нашай нівы», а цяпер палітвязьні Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч. Праўда, рэжысэр стужкі Ўладзімер Янкоўскі заявіў, што ў поўную вэрсію фільма іх уключаць не плянавалі, а зьбіраліся ўставіць у 4-сэрыйны фільм, які меркавалася стварыць для тэлевізіі. Таксама ў эпізодзе зьняўся і вядомы мастак Уладзімер Цэсьлер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG