Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Альянсе Беларусі было б нашмат спакайней і бясьпечней». Як Сахашчык стаў прыхільнікам NATO


Валер Сахашчык, каляж
Валер Сахашчык, каляж

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту па нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе ацаніў увагу да беларускага пытаньня на саміце NATO, пракамэнтаваў, што NATO магло б зрабіць у дачыненьні да Беларусі і як магло б памяняцца стаўленьне да блёку ў большасьці беларусаў.

Валер Сахашчык прысутнічаў на мерапрыемствах саміту NATO ў Вільні, прысьвечаных беларускай тэматыцы.

Ніжэй публікуем некалькі цытатаў з гутаркі, інтэрвію цалкам глядзіце на відэа:

Валер Сахашчык: Пасьля таго як пачалі гаварыць пра разьмяшчэньне ядзернай зброі і групы «Вагнэр» на тэрыторыі Беларусі, Беларусь у парадку дня ўсіх нашых суседзяў, краінаў NATO, і ўсе працуюць над стратэгіяй адносна Беларусі. Бо ўсе бачаць вялікую пагрозу.

— А што NATO магло б зрабіць адносна Беларусі?

— Найлепшае — гэта палітычны ціск. Ніхто ня будзе вырашаць справу ваеннымі дзеяньнямі. Эканамічныя санкцыі маглі б быць мацнейшыя. Я мяркую, што палітычны ціск мог бы прывесьці да зьмены сытуацыі ў Беларусі.

— У Беларусі людзі выхаваныя на постсавецкай рыторыцы, паводле якой NATO — гэта ворагі. Як беларусы ўспрымуць удзел у такім мерапрыемстве вас і Сьвятланы Ціханоўскай?

— Я калісьці таксама быў пад уплывам савецкай прапаганды. Я быў афіцэрам савецкай арміі, мы былі гатовыя ісьці атакаваць Эўропу. Але потым, калі я стаў вольным чалавекам, я ўбачыў, што ў Эўропе жывуць такія самыя людзі, як і мы. Няма няма чаго дзяліць і няма за што ваяваць адным з аднымі.

Жыцьцё ў Эўропе лепшае за беларускае і тым больш за расейскае. І за ўзор трэба браць сабе Эўропу. Нашыя дзяды былі эўрапейскай нацыяй. Мы былі Эўропай. Азіяцкая дэспатыя прыйшла да нас пазьней. Беларусы павінны вярнуцца да свайго гістарычнага шляху.

— Уступіць у NATO ў будучыні?

— Чаму не? Гэта справа, якую павінная вырашаць уся нацыя. На мой погляд, так было б нашмат спакайней і бясьпечней.

— А ці не справакавала б гэта Расею на пэўныя дзеяньні?

— Усё павінна вырашацца шляхам дэмакратыі. На сёньняшні дзень вялікі ўплыў прапаганды, расейскай і прарасейскай. Але нават пад гэтым уплывам мы бачым, што меншасьць беларусаў падтрымліваюць Расею, абʼяднаньне зь ёй, разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброі і групы «Вагнэр». А калі людзі будуць мець магчымасьць атрымліваць інфармацыю, то сытуацыя значна зьменіцца. Я ўпэўнены, што абсалютная большасьць людзей выкажа жаданьне жыць у Эўропе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG