У паведамленьні сьцьвярджаецца, што на Дзяніса Дудзінскага завялі крымінальную справу. Яго абвінавачваюць у тым, што ў сваіх публічных выступах ён «ня раз заяўляў аб падтрымцы тэрарызму і выказваў гатоўнасьць аказаць садзейнічаньне дывэрсійным групам», паведамляе набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал.
«У ягоных дзьвюх кватэрах былі праведзеныя ператрусы ў мэтах выяўленьня схованак і іншых прыкметаў садзейнічаньня тэрарызму», — паведаміў набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал.
- Дзяніс Дудзінскі, папулярны тэлевядоўца на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1», шоўмэн, сьпявак, актор. Летась улетку выказаўся супраць гвалту сілавікоў, калі ў чэрвені АМАП разагнаў людзей, якія стаялі ў чарзе ў краму Symbal.by. Пасьля гэтага страціў эфір на дзяржаўнай тэлевізіі.
- У верасьні 2020-га Дудзінскаму прысудзілі 10 дзён арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 24.23 КаАП). Тады ён пад ціскам запісаў відэазварот з заклікам ня ўдзельнічаць у пратэстах. У кастрычніку Дудзінскага аштрафавалі па гэтым жа артыкуле на 675 рублёў (каля 270 даляраў).
- Улетку 2021 году Дзяніс Дудзінскі і яго жонка Кацярына Раецкая зьехалі зь Беларусі ва Ўкраіну. Пасьля пачатку вайны яны пераехалі ў Польшчу.