У дэклярацыі краіны «Вялікай сямёркі» абазначылі асноўныя меры па доўгатэрміновай падтрымцы Ўкраіны. Перш за ўсё, гэта дапамога ў абароне Ўкраіны цяпер і ў стрымліваньні магчымай расейскай агрэсіі, як цяпер, так і ў будучыні. Краіны G7 абавязваюцца забясьпечваць Украіну сучаснай зброяй, а таксама навучаць украінскіх вайскоўцаў і абменьвацца дадзенымі выведкі.
Акрамя таго, краіны G7 будуць садзейнічаць стабілізацыі і ўмацаваньню эканомікі Ўкраіны, у тым ліку аднаўленьню галінаў, пацярпелых ад вайны, і энэргетычнай бясьпекі краіны.
Таксама «Група сямі» будзе дапамагаць праводзіць рэформы дзеля дэмакратызацыі ўлады, неабходныя, каб ажыцьцявіць эўраатлянтычныя памкненьні Ўкраіны.
У выпадку паўтарэньня расейскай агрэсіі супраць Украіны ў будучыні G7 абавязваецца аказаць Украіне неадкладную ваенную і эканамічную дапамогу. Пры гэтым рахунак за выдаткі на яе будзе прад’яўлены Расеі.
Як падкрэсьлілі аўтары дэклярацыі, неабходна распрацаваць міжнародны мэханізм кампэнсацыі шкоды, прычыненай расейскай агрэсіяй.
Украіна, са свайго боку, абавязваецца правесьці шэраг рэформаў, каб «даказаць сваю прыхільнасьць дэмакратыі і законнасьці і павагу да правоў чалавека і свабоды слова», паставіць эканоміку на «шлях устойлівага разьвіцьця», а таксама ўзмацніць дэмакратычны кантроль над войскам.