10 ліпеня ў Вільні на адным з інтэрактыўных рэклямных стэндаў зьявіўся відэаролік зь нібыта падзеньнем прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна пры выхадзе з самалёта пасьля яго прыбыцьця ў сталіцу Літвы 10 ліпеня. Паліцыя расьследуе абставіны гэтага магчымага кібэрынцыдэнту, піша delfi.it
Прадстаўнік Дэпартамэнту паліцыі Літвы Рамунас Матоніс пацьвердзіў агенцтву ELTA, што ў паліцыю паступіла паведамленьне пра гэты выпадак:
«Такі выпадак зарэгістраваны сёньня ноччу, стэнд адключаны, абставіны высьвятляюцца», — сказаў прадстаўнік паліцыі.
Джо Байдэн прыбыў у Вільню 10 ліпеня ўвечары, напярэдадні саміту NATO у сталіцы Літвы. Сытуацыі, пры якой лідэр ЗША спатыкнуўся б пры выхадзе з самалёта, не было.
Яшчэ адна кібэр-правакацыя падчас саміту
9 ліпеня перад самітам NATO ў Вільні кібэрзлачынцы зламалі сыстэму адной з рэгіянальных літоўскіх радыёстанцый і гандлёвага цэнтру і ўключылі паведамленьні, накіраваныя супраць Паўночнаатлянтычнага альянсу, паставак зброі ва Ўкраіну, і заклік да перамоў.
Як паведаміла літоўскае выданьне lrt.lt, правакацыю хутка зьліквідавалі, але Нацыянальны цэнтар кібэрбясьпекі (NCSC) заклікаў грамадзян быць пільнымі, а спэцыялістаў зьвярнуць увагу на найбольш уразьлівыя каналы сувязі.
- У літоўскай сталіцы Вільні 11–12 ліпеня праходзіць саміт NATO. Прадугледжваецца, што на сустрэчы, апроч пытаньняў бясьпекі ў рэгіёне, абмяркуюць умовы ўступленьня Ўкраіны ў альянс. Як заявіў у інтэрвію Радыё Свабода прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл, Украіна можа атрымаць гарантыі, якія будуць «нечым сярэднім» паміж ранейшымі гарантыямі NATO Фінляндыі і Ізраілю.