На прэс-канфэрэнцыі па выніках сустрэчы Эрдаган сказаў, што «Ўкраіна без сумневу заслугоўвае быць сябрам NATO». Чакаецца, што на найбліжэйшым саміце ў Літве лідэры альянсу пацьвердзяць, што «Ўкраіна калі-небудзь далучыцца да NATO», піша Associated Press.
Таксама Эрдаган паведаміў, што вядзецца праца па падаўжэньні збожжавага пагадненьня пасьля яго заканчэньня 17 ліпеня. Паводле яго, гэтае пытаньне будзе адным з ключавых на ягонай сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, якая павінна адбыцца ў Турэччыне ў жніўні. «Мы спадзяемся, што пагадненьне будзе працягвацца ня кожныя два месяцы, а хаця б кожныя тры», — дадаў Эрдаган.
Раней прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў казаў, што «дэ-факта» шанцаў на прадаўжэньне збожжавага пагадненьня няма, «таму што тое, што было нам абяцана, не было зроблена».
Яшчэ адным пунктам прэзыдэнцкіх перамоваў быў абмен палоннымі. «Мы працуем над вяртаньнем нашых палонных, палітычных зьняволеных, крымскіх татараў», — сказаў Зяленскі. Эрдаган адзначыў, што можа абмеркаваць гэта з Пуціным па тэлефоне яшчэ да іх заплянаванай сустрэчы, піша Reuters.
Таксама абодва лідэры гаварылі пра сумесныя праекты, у тым ліку абаронныя.
Пасьля поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году Турэччына захавала кантакты з Украінай і Расеяй і часта выступае ў якасьці пасярэдніка.