Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Столтэнбэрг: NATO прывядзе ў падвышаную гатоўнасьць 300 тысяч вайскоўцаў


Енс Столтэнбэрг на саміце ў Мадрыдзе 2022 г.
Енс Столтэнбэрг на саміце ў Мадрыдзе 2022 г.

Енс Столтэнбэрг заявіў, што на саміце ў Вільні будзе створаная Рада NATO — Украіна.

Колькасьць сіл павышанай гатоўнасьці NATO будзе даведзеная да 300 тысяч вайскоўцаў, пра гэта 7 ліпеня на прэсавай канфэрэнцыі перад самітам альянсу заявіў яго генэральны сакратар Енс Столтэнбэрг.


«На саміце мы зробім далейшыя важныя крокі па ўмацаваньні нашага стрымліваньня і абароны. З трыма новымі плянамі рэгіянальнай абароны, каб супрацьстаяць дзьвюм асноўным пагрозам для нашага Паўночнаатлянтычнага саюзу: Расеі і тэрарызму.

Адзін плян для поўначы, Атлянтыкі і Эўрапейскай Арктыкі. Адзін для цэнтру, які ахоплівае Балтыйскі рэгіён і Цэнтральную Эўропу. І паўднёвы плян для Міжземнага і Чорнага мора. Для выкананьня гэтых плянаў NATO прывядзе ў павышаную гатоўнасьць 300 тысяч вайскоўцаў. Уключаючы значную баявую моц у паветры і на моры», — заявіў ён.

Столтэнбэрг агучыў рашэньні адносна Ўкраіны

Генэральны сакратар NATO заявіў, што на саміце альянсу ў Вільні 11–12 ліпеня будзе створаная Рада NATO — Украіна. Столтэнбэрг разьлічвае, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі возьме ўдзел у яе першым пасяджэньні.

Плянуецца таксама, што на саміце лідэры прымуць пакет адносна Ўкраіны, які будзе ўтрымліваць тры асноўныя элемэнты:

  • Паводле Столтэнбэрга, лідэры ўзгодняць шматгадовую праграму падтрымкі для забесьпячэньня поўнай сумяшчальнасьці паміж узброенымі сіламі Ўкраіны і NATO. Столтэнбэрг дадаў, што альянс дапаможа Ўкраіне ў пераходзе ад савецкага абсталяваньня да стандартаў NATO.
  • Па-другое, адзначыў генэральны сакратар, на саміце будуць адноўленыя палітычныя сувязі паміж Украінай і NATO шляхам запуску Рады Ўкраіна — NATO.
  • «І трэцяе. Я чакаю, што лідэры пацьвердзяць, што Ўкраіна стане сябрам NATO, і будуць адзіныя ў тым, як наблізіць Украіну да яе мэты», — дадаў Столтэнбэрг.

Раней прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заклікаў прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна запрасіць Украіну ў NATO ўжо цяпер — нават калі краіна ўступіць у Альянс пасьля вайны.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што на саміце NATO ў Вільні ўдасца дамовіцца аб такіх абавязаньнях перад Украінай, якія яе не расчаруюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG