Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі прыляцеў у Прагу. У цэнтры ўвагі — саміт NATO і ня толькі. ФОТА І ВІДЭА


Прэзыдэнты Ўкраіны і Чэхіі ў Празе. 6 ліпеня.
Прэзыдэнты Ўкраіны і Чэхіі ў Празе. 6 ліпеня.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які прыбыў увечары ў Прагу, быў прыняты ў Праскім Градзе прэзыдэнтам Чэхіі Пэтрам Паўлам. Як паведамляюць чэскія СМІ, у пятніцу працягнуцца перамовы Зяленскага з чальцамі ўрада.

Уладзімір Зяленскі падзякаваў прэзыдэнту Паўлу за ўсебаковую дапамогу Чэскай рэспублікі Ўкраіне, украінскім узброеным сілам і ўкраінскім ўцекачам. «Асабліва хачу падзякаваць за кожны ўкраінскі сьцяг, які я бачыў па дарозе з аэрапорта, мяне гэта кранула», — сказаў Зяленскі на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Чэхіі.

Эфір Настоящего времени з прэсавай канфэрэнцыі па выніках перамоваў прэзыдэнтаў Чэхіі і Ўкраіны.

Прэзыдэнты Чэхіі і Ўкраіны
Прэзыдэнты Чэхіі і Ўкраіны

«Я правяду прадметныя перамовы з прэзыдэнтам Пэтрам Павэлам, прэм’ер-міністрам Пятром Фіалам, сьпікерамі Сэнату і Палаты дэпутатаў парлямэнту Мілашам Выстрчылам і Маркетай Пекаравай Адамавай, сустрэнуся з членамі ўрада, парлямэнта, прадстаўнікамі СМІ. У цэнтры ўвагі абароннае забесьпячэньне, эўрапейская і эўраатлянтычная інтэграцыя Ўкраіны і віленскі саміт NATO, сытуацыя вакол ЗААЭС, рэалізацыя Формулы міру, рэканструкцыя Ўкраіны» — напісаў напярэдадні Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.

Чэскія СМІ паведамілі, што Пэтэр Павэл вітаў Уладзімера Зяленскага на Праскім градзе, дзе месьціцца рэзыдэнцыя кіраўніка чэскага прэзыдэнта.

«Чэхія зьяўляецца важным саюзьнікам Кіева з пачатку расейскай агрэсіі. Зяленскі застанецца ў Празе да заўтра, у пятніцу ён сустрэнецца з іншымі вышэйшымі канстытуцыйнымі чыноўнікамі», — паведамляюць Seznam Zpravy.

Падчас выкананьня гімна Ўкраіны
Падчас выкананьня гімна Ўкраіны

Выданьне таксама адзначае, што «візыт украінскага лідэра суправаджаецца жорсткімі мерамі бясьпекі, Праскі Град быў зачынены для наведваньня ўвесь чацьвер. Пра візыт журналісты ведалі загадзя, але зь меркаваньняў бясьпекі інфармацыя была закрытая. Для паліцыі забесьпячэньне бясьпекі прэзыдэнта было адной з найбуйнейшых мераў, у якіх яны калі-небудзь прымалі ўдзел, паведаміла яна ў Twitter».

7 ліпеня Зяленскі ўпершыню пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну наведае Турэччыну для перамоваў з прэзыдэнтам Рэджэпам Эрдаганам, паведамляюць турэцкія дзяржаўныя СМІ.

Чакаецца, што на сустрэчы будзе абмяркоўвацца заключанае з Расеяй пры пасярэдніцтве Турэччыны і ААН пагадненьне аб дазволе на пастаўкі ўкраінскага збожжа з чарнаморскіх партоў. Расея заявіла, што можа заблякаваць пагадненьне, тэрмін якога заканчваецца 17 ліпеня.

Акрамя таго, чакаецца, што Зяленскі закліча Эрдагана даць «зялёнае сьвятло» сяброўству Швэцыі ў NATO перад самітам альянсу 11-12 ліпеня ў Вільні.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG