Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад пастанавіў пачынаць усе спартовыя мерапрыемствы ў Беларусі зь дзяржаўнага гімна і ўзьняцьця сьцяга


Усе спартова-масавыя мерапрыемствы ў Беларусі цяпер мусяць пачынаць з выкананьня дзяржаўнага гімна і ўзьняцьця дзяржаўнага сьцяга Беларусі.

Такое патрабаваньне ўключылі ў пастанову Савета міністраў № 418 ад 28 чэрвеня, 6 ліпеня яе апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Акрамя гэтага, кіраўнікі і прадстаўнікі групаў спартоўцаў, якія ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, а таксама начальнікі вучэбна-трэніровачных збораў цяпер мусяць сачыць за тым, каб не дапусьціць выкарыстаньня ўдзельнікамі мерапрыемстваў сьцягоў і вымпелаў, «не зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку», а таксама эмблемаў, сымбаляў, плякатаў, транспарантаў і іншую, зьмест якіх «накіраваны на прычыненьне ўрону грамадзкаму парадку, правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзян», гаворыцца ў пастанове.

Пастанова набыла моц 1 ліпеня.

  • Раней праваабаронцы ўжо неаднойчы паведамлялі пра выпадкі затрыманьняў і судоў над беларусамі, якія ня ўсталі (ці не адразу ўсталі) на стадыёне падчас выкананьня дзяржаўнага гімну.
  • У траўні 2021 году футбольны клюб «Крумкачы» атрымаў папярэджаньне за паводзіны заўзятараў падчас выкананьня дзяржаўнага гімну, бо яны «ўставалі сьпінай да чырвона-зялёнага сьцяга».
  • Таксама беларусаў неаднойчы затрымлівалі, у тым ліку на спартовых мерапрыемствах, калі нехта прыходзіў туды зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG