2 гады турмы за камэнтары ў сацсетках пра сілавікоў
Суд Наваполацкага раёну вынес прысуд мясцовай жыхарцы Кацярыне Леў, абвінаваціўшы яе ў абразе прадстаўнікоў улады паводле арт. 369 КК. Яе пакаралі пазбаўленьнем волі ў калёніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады і штрафам у 3700 рублёў, паведамляе «Вясна». Справу разглядала судзьдзя Сьняжана Калінічэнка.
У судовым працэсе абражанымі прадстаўнікамі ўлады выступілі намесьнік начальніка УУС Менскага аблвыканкаму Віталь Казлоў, кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёну Менску Раман Мельнік, а таксама першы намесьнік начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Ігар Падвойскі.
Яны трапілі ў скандал, калі ў лютым 2022 году «Кібэрпартызаны» апублікавалі зьліў іх размовы зь верасьня 2020 году. Тэлефонная гутарка Падвойскага, Мельніка і Казлова стала доказам таго, што міліцыя паказвае судзьдзям, якія рашэньні выносіць удзельнікам мірных пратэстаў.
У Пінску юнака асудзілі на два гады «хіміі» за камэнтар пра Лукашэнку
Суд Пінскага раёну і гораду Пінску 22 чэрвеня ў выязным рэжыме разгледзеў справу супраць пінчука Кірыла Барысава, паведамляе «Вясна». Маладога чалавека абвінавацілі ў публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч.1 арт. 368 КК.
Справу разглядала судзьдзя Яўгенія Мельнік, у якасьці дзяржабвінаваўцы выступаў Ільля Гузарэвіч.
Пра прысуд стала вядома зь відэа мясцовага дзяржаўнага тэлебачаньня. Закадравы голас паведамляе, што падставай для крымінальнай справы стаў тэлеграм-камэнтар пра Лукашэнку зь нецэнзурнай лексыкай.