Ізраільскія дэманстранты і паліцыя сутыкнуліся ў аэрапорце імя Бэн-Гурыёна пасьля таго, як дэманстранты адмовіліся пакінуць залю тэрміналу 3, паведамляе The Jerusalem Post. Найбуйнейшы аэрапорт Ізраілю знаходзіцца каля гораду Лёд за 20 кілямэтраў ад Тэль-Авіву і 45 ад Ерусаліму.
Прэс-сакратар пратэстоўцаў заявіў, што заторы і пратэсты фактычна закрылі аэрапорт.
Унутры тэрміналу дэманстранты сьпявалі ізраільскі нацыянальны гімн. На відэазапісах пратэсту было відаць, як паліцыя спрабавала выцягнуць дэманстрантаў. Паліцыя заявіла, што разьбіралася зь беспарадкамі ў тэрмінале з удзелам дзясяткаў людзей і што 37 пратэстоўцаў арыштаваныя праваахоўнымі органамі за парушэньне грамадзкага парадку пасьля адмовы падпарадкоўвацца. Пратэстоўцы селі або ляглі, каб іх ня выдалілі з пляцоўкі. Пратэставыя групы падзяліліся фатаграфіямі дэманстрантаў з акрываўленымі тварамі.
У паліцыі заявілі, што пратэстоўцы будуць адказваць па ўсёй строгасьці закону за «абуральнае парушэньне парадку ў аэрапорце і напад на афіцэраў».
Пратэсты пачаліся ў сувязі з аднаўленьнем заканадаўства аб рэформах у мінулую нядзелю, якое раней замарозіў прэм’ер-міністар краіны Біньямін Нэтаньягу ў канцы сакавіка.
Раней у панядзелак пратэстоўцы заблякавалі порт Хайфы.
Улады просяць пратэстоўцаў спыніцца, у правай партыі «Лікуд» заявілі, што пратэсты ўскладняюць працу ізраільскіх службаў пры апэрацыі ў Джэніне супраць арабскіх экстрэмістаў.
Тым часам агенцтва Shehab паведаміла пра тое, што чацьвёра палестынцаў залезьлі ў склеп Ёсіфа, вядомага біблійнага пэрсанажа, і разграмілі магілу. Яны абумовілі напад адказам на «злачынствы ізраільскіх акупантаў у Джэніне».
Кіраўнік рэгіянальнай рады Самарыі Ёсі Даган адзначыў, што «толькі дзяржава Ізраіль можа абараніць магілу Ёсіфа. Ігнараваньне магілы было памылкай, якую трэба выправіць».