Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ізраілі зноў адбыліся масавыя антыўрадавыя дэманстрацыі. Пратэсты не спыняюцца ўжо 5 месяцаў


Адна з акцый пратэсту супраць судовай рэформы ў Ізраілі
Адна з акцый пратэсту супраць судовай рэформы ў Ізраілі

Сярод мора тысяч ізраільскіх сьцягоў на пратэсьце ў Тэль-Авіве быў просты белы плякат з напісаным ад рукі паведамленьнем: «Дэмакратыя без кампрамісаў». Гэта стала адным з сымбаляў пратэстаў.

Споўнілася пяць месяцаў ад моманту, калі дзясяткі тысяч ізраільцян кожны тыдзень выходзяць на вуліцы ў знак пратэсту супраць прапанаванай прэм’ер-міністрам Бэньямінам Нэтаньягу судовай рэформы, якая дасьць палітыкам большы ўплыў на выбар судзьдзяў. Гэта таксама абмежавала б паўнамоцтвы Вярхоўнага суду адмяняць законы.

Пратэстоўцы могуць заявіць пра пэўны посьпех у тым, што ўлады не ўвасобілі плян так хутка, як спадзяваўся Нэтаньягу, але яго ўрад па-ранейшаму адданы прасоўваньню зьмяненьняў, піша Голас Амэрыкі.

Пад ціскам у краіне і за мяжой Нэтаньягу пагадзіўся адкласьці рэформу, каб паспрабаваць дамовіцца з апазыцыяй пра «залатую сярэдзіну», але пасьля часовага пераключэньня ўвагі на прыняцьце дзяржаўнага бюджэту на мінулым тыдні вельмі спрэчны плян зноў на першым месцы.

Нэтаньягу і яго ўльтраправыя і рэлігійныя саюзьнікі кажуць, што рэформы накіраваны на тое, каб ліквідаваць празьмерныя паўнамоцтвы судовай сыстэмы і збалянсаваць галіны ўлады. Крытыкі бачаць пагрозу незалежнасьці судоў у прэм’ер-міністры, якога судзяць па абвінавачваньнях у хабарніцтве, якія ён адкідае.

Вядучыя эканамісты і вэтэраны нацыянальнай бясьпекі папярэдзілі аб наступствах, заявіўшы, што незалежная судовая сыстэма мае вырашальнае значэньне для эканамічнай моцы Ізраілю і абароны ад спроб ізаляваць яго на міжнародным узроўні.

Дэманстрацыі дасягнулі піку ў канцы сакавіка, калі Нэтаньягу адправіў у адстаўку свайго міністра абароны пасьля таго, як той заклікаў спыніць плян. Ізраільцяне выйшлі на вуліцы ў беспрэцэдэнтным стыхійным агульнанацыянальным пратэсьце да позьняй ночы. Пазьней Нэтаньягу адмяніў сваё рашэньне.

Перад заходам сонца ў суботу, заканчваючы габрэйскі шабат, натоўпы людзей зноў сабраліся ў Тэль-Авіве і іншых гарадах Ізраілю. Пакуль не выглядае на тое, што яны будуць спыняцца, паколькі дзейны прэм’ер-міністар адмаўляцца ад сваіх намераў не зьбіраецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG