Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гаазе атакавалі амбасаду Беларусі. Падазраюць 31-гадовага мужчыну

абноўлена

Абмаляваная надпісамі супраць Лукашэнкі і за вольную Беларусь амбасада ў Нідэрляндах, 2 ліпеня 2023
Абмаляваная надпісамі супраць Лукашэнкі і за вольную Беларусь амбасада ў Нідэрляндах, 2 ліпеня 2023

Напад адбыўся ноччу, у будынку пабілі шыбы і балёнчыкам нанесьлі на фасад надпісы «Лука тэрарыст», «Гаага чакае», «Слава каліноўцам» і «Жыве Беларусь!»

Паліцыя затрымала 31-гадовага мужчыну, якога падазраюць у вандалізьме. Агулам у будынку пабітыя тры шыбы, надпісы выкананыя па-ангельску і па-беларуску.

Дэпутат нідэрляндзкага парлямэнту Сьёрд Сьёрдсма ў сваім твітэры асудзіў напад на пасольства.

«Як бы справядліва вы ні злаваліся на рэжымы Беларусі, Расеі ці іншых краінаў, не нападайце на іх амбасады ці рэзыдэнцыі. Вы нікому не дапамагаеце і робіце менш бясьпечным перабываньне нашых дыпляматаў у гэтых краінах».

Як паведаміў сайт omroepwest, частку надпісаў апоўдні ўдалося сьцерці, а шыбы часова заклалі кардонам.

Нідэрляндзкія журналісты пішуць, што напад найверагодней адбыўся з прычыны нязгоды з палітыкай Лукашэнкі. Мясцовыя газэты нагадваюць, што Аляксандар Лукашэнка — блізкі саюзьнік расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і падтрымлівае яго ў крывавай вайне супраць Украіны, на якой загінулі дзясяткі тысяч людзей. У самой жа Беларусі рэжым Лукашэнкі працягвае масавыя палітычныя рэпрэсіі супраць нязгодных.

Напад у Гаазе ўжо ня першая атака на беларускія дыпляматычныя прадстаўніцтвы за мяжой. Раней падпальвалі дзьверы амбасады РБ у Бэльгіі, а ў Вільні зламалі флагшток з чырвона-зялёным сьцягам на ім і кідалі на тэрыторыю амбасады лямпадку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG