Ураджэнец Беларусі Антон, які ў ноч з 8 на 9 жніўня 2021 году падпаліў дзьверы беларускай амбасады ў Бэльгіі, атрымаў 3 гады ўмоўна. Пра гэта ён сам паведаміў выданьню «Зеркало».
Летась у гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў зьявіліся паведамленьні, што ў Брусэлі невядомы зрабіў спробу падпалу дзьвярэй беларускай амбасады. У памяшканьні супрацоўнікаў амбасады не было, але быў ахоўнік, які выклікаў пажарных.
МЗС Беларусі накіравала ноту з патрабаваньнем тэрмінова правесьці расьсьледаваньне. Бэльгійская паліцыя даволі хутка знайшла падазраванага. Ім аказаўся 35-гадовы Антон, які мае беларускае і польскае грамадзянства і пражывае ў прыгарадзе Брусэля. Пры канцы кастрычніка яго затрымалі, адну ноч ён правёў у пастарунку, пасьля яго адпусьцілі. 29 сакавіка сёлета прайшло першае судовае паседжаньне.
Антона абвінавачвалі па артыкулах 510 і 513 Крымінальнага кодэксу Бэльгіі — начны падпал нерухомасьці, у якой былі людзі. Згодна з гэтымі артыкуламі яму магло пагражаць ад 15 да 20 гадоў турмы.
«Пракурорка спачатку запатрабавала прысудзіць мне 3 гады ўмоўна. Хоць па маіх артыкулах магло быць ад 15 да 20 гадоў. Але ўсе разумеюць, што гэта стары крымінальны кодэкс ХІХ стагодзьдзя, такія прысуды не выносяцца.
Пракурорка абгрунтавала, чаму ўмоўны тэрмін: я ніколі ня быў пакараны, у мяне добрыя характарыстыкі ад судовага асыстэнта, паліцыі, доктара, я ўдзельнічаў у розных валянтэрскіх праграмах.
Мой адвакат прасіў альбо наагул адмовіцца ад пакараньня, альбо прысудзіць мне сацыяльныя працы. Так што чакаю — альбо ўмоўна, альбо сацыяльныя працы і забарона набліжацца да беларускай амбасады на 500 мэтраў», — расказваў у сакавіку пра першы дзень слуханьняў справы Антон у гутарцы з карэспандэнтам Свабоды.
«Я дэкляраваў яшчэ да суду, што гатовы панесьці пакараньне, — казаў Антон. — Я разумею, што ў сродках свайго пратэсту крыху перагнуў. Але я не хачу апускацца да ўзроўню лукашыстаў, і нават калі гэты ахоўнік — „ябацька“, я не хачу рабіць яму крыўды ні маральнай, ні фізычнай».