Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Польшча не выключае, што вагнэраўцаў выкарыстаюць для пагаршэньня міграцыйнага крызісу на мяжы зь Беларусьсю

Польшча не выключае, што вагнэраўцаў выкарыстаюць для пагаршэньня міграцыйнага крызісу на мяжы зь Беларусьсю


Сьцягі Эўразьвяза і Польшчы. Ілюстрацыйнае фота
Сьцягі Эўразьвяза і Польшчы. Ілюстрацыйнае фота

Зьяўленьне на беларускай тэрыторыі ПВК «Вагнэр» можа «стымуляваць міграцыйную актыўнасьць на мяжы з Польшчай», заявіў 28 чэрвеня ў этэры Polskie Radio 24 дзяржсакратар канцылярыі польскага прэм'ер-міністра, намесьнік міністра–каардынатара спэцслужбаў Станіслаў Жарын.

«Варта ўлічваць, што ПВК „Вагнэр“ можа быць выкарыстаная для пракладаньня міграцыйнага маршруту з Усходу і для непасрэднага кіраваньня міграцыйнымі працэсамі на беларускай мяжы. Гэта можа стаць вельмі небясьпечнай зьявай», — зазначыў Станіслаў Жарын.

Такім чынам, на яго думку, сцэнар з разьмяшчэньнем вагнэраўцаў у Беларусі можа выкарыстоўвацца Расеяй «для міграцыйнага ціску на Эўропу».

Ён падкрэсьліў, што «гібрыдная актыўнасьць» на польска-беларускай мяжы не спыняецца, а «са статыстыкі Памежнай аховы відаць, што ў 2023 годзе складваецца больш небяспечная сытуацыя [зь мігрантамі], чым годам раней».

«Колькасць атак, спроб уварваньняў, агрэсіўных правакацый расьце, [гібрыдная] апэрацыя яшчэ працягваецца. Яе выкарыстоўваюць, каб паспрабаваць дэстабілізаваць Польшчу, яе інфармацыйную прастору, а таксама ўплываць на грамадзкую думку», — лічыць чыноўнік.

За мінулыя суткі мяжу Польшчы з боку Беларусі спрабаваў нелегальна перасячы 151 іншаземец, з пачатку чэрвеня — 2761, году — 13 519.

28 чэрвеня польскі віцэ-прэмʼер Ярослаў Качыньскі пасьля пазачарговага паседжаньня Камітэта Савета міністраў па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі і абароны заявіў, што ў сувязі з магчымым перамяшчэньнем у Беларусь прадстаўнікоў расейскай ПВК «Вагнэр» прынята рашэньне аб павелічэньні сіл, якія пастаянна знаходзяцца на ўсходняй мяжы Польшчы, а таксама пашырэньні розных відаў умацаваньняў, якія абараняюць яе.

«Мы хочам, каб гэтая мяжа [зь Беларусьсю] — калі, вядома, пацьвердзіцца пэўны прагноз — (...) была абаронена яшчэ мацней, чым яна была абаронена падчас тых нападаў, зь якімі мы мелі справу (на піку міграцыйнага крызісу)», — падкрэсьліў ён.

28 чэрвеня ў Кіеве на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і Літвы Гітанасам Науседай польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда, у сваю чаргу, выказаў апасеньні наконт перамяшчэньня расейскіх наймітаў у Беларусь.

«Абʼява аб разьмяшчэньні „групы Вагнэра“ і расейскай ядзернай зброі ў Беларусі фактычна мяняе архітэктуру бясьпекі ў нашым рэгіёне», — падкрэсьліў польскі прэзыдэнт.

Ён дадаў, што польска-беларуская мяжа «гадамі знаходзіцца пад гібрыднай атакай» і там пастаянна ўзмацняюцца меры бясьпекі.

Дуда таксама падкрэсьліў, што NATO «павінна ў адзін голас заявіць: калі хоць адзін „вагнэравец“ ступіць на тэрыторыю незалежных Літвы або Польшчы, то яны ўсе будуць ліквідаваны, дзе б яны ні знаходзіліся, незалежна ад тэрыторыі».

23 чэрвеня заснавальнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын фактычна ініцыяваў працэс ваеннага перавароту ў Расеі. У выніку дамоўленасьцяў, у тым ліку з Аляксандрам Лукашэнкам, ён спыніў свой марш на Маскву. Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін дазволіў Прыгожыну зьехаць у Беларусь. 27 чэрвеня Лукашэнка пацьвердзіў прыбыцьцё кіраўніка ПВК «Вагнэр».

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG