Дзяржаўны дэпартамэнт ухваліў магчымы продаж Польшчы аўтаматызаванай сыстэмы кіраваньня інтэграванай супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны за 15 мільярдаў даляраў у рамках мадэрнізацыі польскіх сіл СПА. Аб гэтым паведамілі ў Пэнтагоне 28 чэрвеня.
Ухваленьне Дзярждэпартамэнту ня мае на ўвазе падпісаньне кантракту або завяршэньня адпаведных перамоваў.
Цікавасьць эўрапейскіх краін да амэрыканскага ўзбраеньня ўзрасла ў сувязі з павышаным попытам на пастаўкі боепрыпасаў, сродкаў супрацьпаветранай абароны, сродкаў сувязі, супрацьтанкавых ракет «Джавэлін» і бесьпілётнікаў, якія аказаліся крытычна важнымі для Ўкраіны ў барацьбе з расейскай ваеннай агрэсіяй.
Пакет будзе ўключаць у сябе 48 пускавых станцый Patriot і 644 ракеты-перахопнікі Patriot мадыфікацыі PAC-3, сеткавыя каналы, датчыкі, дапаможнае абсталяваньне, запасныя часткі і тэхнічную падтрымку, гаворыцца ў паведамленьні Пэнтагону.
Генэральнымі падрадчыкамі ў пастаўцы ўзбраеньня зьяўляюцца кампаніі Raytheon Corp і Lockheed Martin.
Напярэдадні Польскае войска атрымала ад ЗША першыя танкі M1A1 Abrams для дывізіі на ўсходзе краіны.
У рамках гэтай даставы ў польскія войскі перадалі адну роту танкаў, якая складаецца з 14 машын. Плянуецца, што сёлета Польшча атрымае яшчэ дзьве роты танкаў, а ў далейшым — батальён такіх баявых машын.
Таксама 28 чэрвеня польскі віцэ-прэм’ер Яраслаў Качыньскі заявіў аб узмацненьні ўсходняй мяжы краіны на надзвычайным пасяджэньні Камітэту Рады міністраў у справах нацыянальнай бясьпекі і абароны.
Яраслаў Качыньскі лічыць, што сытуацыя з прыездам у Беларусь вагнэраўцаў робіцца цяжэйшай. Патэнцыйна расейцы могуць несьці яшчэ большую пагрозу Ўкраіне, а таксама Літве.