За тыдзень валянтэрства празь ягоныя рукі прайшлі да 20 сабак, якія страцілі дом і гаспадароў. Пагаварылі зь Тыматэ пра ягонае падарожжа.
Музыка і перакладчык Тыматэ Суладзэ паходзіць з Грузіі, але вырас і атрымаў адукацыю ўжо ў Беларусі. У Менску скончыў школу, музычную вучэльню, юрфак БДУ, таму называе сябе больш беларусам, чым грузінам. Падчас пратэстаў 2020 году Тыматэ двойчы быў за кратамі. Пасьля выехаў у Літву — з трубой і трыма сабакамі, якіх раней прывёз з Грузіі. Зь зімы 2021 году Тыматэ Суладзэ жыве ў Вільні. Стаў студэнтам Віленскага калегіюму, зарабляе на жыцьцё як вулічны музыкант, мае таксама некалькіх вучняў, якім выкладае італьянскую мову.
— Ідэя паездкі ва Ўкраіну ўзьнікла пасьля падрыву Кахоўскай ГЭС. Я даведаўся, што пацярпела шмат жывёлаў. Многія сабакі загінулі праз тое, што былі прывязаныя на ланцуг. Я вырашыў паспрабаваць хоць чымсьці дапамагчы і адразу ж зьвярнуўся да шэрагу ўкраінскіх блогераў, валянтэраў. Мне адказала вядомая ўкраінская блогерка «Сказочница» (яна з Адэсы, цяпер жыве ў ЗША), якая скантактавала мяне з валянтэрамі.
Такім чынам Тыматэ выправіўся ва Ўкраіну на сваёй машыне з тонай грузу ад украінскага дабрачыннага фонду «Авто Прима АП» для жыхароў Чарнабаеўкі. Вёз харчы і бытавую хімію, а таксама корм для хатніх жывёлаў.
— З Чарнабаеўкі я забраў сабаку, якога падчас акупацыі «рашысты» зьбілі аўтаматам. Гэтаму сабачку мы знайшлі гаспадыню ў Кіеве. Яна вадзіла яго да вэтэрынара, і там выявілася, што празь зьбіцьцё ў сабачкі вывернутыя пальцы на лапах у адваротны бок. Потым я дапамагаў прытулку для жывёлаў у Адэскай вобласьці, які прымае як мясцовых сабак, так і жывёлаў з зонаў баявых дзеяньняў. Вазіў сабак з прытулку да жанчыны, якая далей іх спрабуе прыстроіць, абвесткі адпаведныя піша. Праз мае рукі прайшло 15–20 сабак. Дапамагаў ня толькі жывёлам, але і вайскоўцам. І мне шмат дапамаглі хлопцы з Узброеных сіл Украіны —Руслан з «Азова», Кірыл з «Кракена».
Пытаюся ў Тыматэ пра ягоныя ўражаньні: як цяпер жыве поўдзень Украіны, раёны, блізкія да зоны баявых дзеяньняў?
— Жах, канечне. Ува мне асабіста абуранасьць перавышае страх. Я вельмі абураны тым, што адбываецца. Я лічу, што кожны павінен дапамагаць Украіне, пачынаючы зь лідэраў сусьветных дзяржаваў і заканчваючы намі, простымі людзьмі. Украіна павінна перамагчы ў любым выпадку.
Стаўленьне да хатніх жывёлаў — адзін з індыкатараў гуманнасьці грамадзтва. Ва Ўкраіне падчас вайны ратуюць як людзей, так і жывёлаў, кажа валянтэр.
— Ставяцца да жывёлаў, як і да людзей. Гэта тычыцца ня толькі сабак і катоў, але і быдла, і ўсіх астатніх жывёлаў. Напрыклад, у Чарнабаеўцы шмат сабак засталося без гаспадароў. Насельніцтва мястэчка за час вайны зьменшылася ўтрая — было 12 тысяч чалавек, засталося 4 тысячы. І сабакі засталіся. Едзеш па вуліцы, бачыш тут і там сабак ля пустых дамоў. Людзі, што засталіся, іх кормяць і пояць.
Акрамя Чарнабаеўкі, Тыматэ валянтэраваў у Херсоне і Адэсе. Далей паехаў у Кіеў.
— Калі праяжджаў па Кіеўскай вобласьці, выпадкова заўважыў жанчыну, якая карміла шмат сабак. Я спыніўся і паразмаўляў зь ёй. Кажа, што гэта сабакі людзей, якія зьехалі на пачатку вайны і не ўзялі іх з сабой. У іх ужо нарадзіліся шчаняты, якія самі сталі дарослымі сабакамі. А гэтая жанчына іх усіх даглядае. 16 сабак максымальна было адначасова пад яе наглядам.
Згадвае музыка яшчэ адну гісторыю з пацярпелымі ад вайны сабакамі.
— Калі па трасе праяжджалі, пабачылі два жывыя шкілеты. Спыніліся, пакармілі гэтых сабак. Яны адразу ж усё зьелі. Аднаго сабаку я здолеў злавіць, а другі ўцёк. Што тут зробіш? А злоўленага сабаку потым добра ўладкавалі.
Выправа працягвалася тыдзень. Так здарылася, што ў Тыматэ зламалася машына, і цяпер ён заняты рамонтам. Як скончыць, паедзе ў Вільню, дзе яго чакаюць свае сабакі — Тэтры, Пусік і Бімба, якіх ён прывёз у Беларусь з Грузіі, забраўшы там з вуліцы. Далей Тыматэ зноў плянуе вярнуцца ва Ўкраіну валянтэрам.