У сталіцы Даніі Капэнгагене 24 чэрвеня ва ўмовах строгай сакрэтнасьці прайшла міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная вайне ва Ўкраіне. Пра гэта паведамляюць у панядзелак нямецкія СМІ, у тым ліку Deutsche Welle і ARD.
У канфэрэнцыі, як паведамляецца, удзельнічалі прадстаўнікі шэрагу заходніх краін, уключаючы Нямеччыну — яе прадстаўляў Енс Плётнэр, дарадца канцлера ФРГ Оляфа Шольца, — і дзяржавы так званага глябальнага Поўдня, якія займаюць нэўтральную пазыцыю ў вайне. Прысутнічалі, у прыватнасьці, дыпляматы з Кітаю, Індыі, Бразыліі і ПАР.
Па інфармацыі агенцтва RND, дарадцы ў галіне бясьпекі з розных краін абмяркоўвалі ўмовы магчымых перамоваў паміж Кіевам і Масквой. У часе сустрэчы размова ішла пра гарантыі бясьпекі для Ўкраіны, якія павінны даць краіны NATO, а таксама пра гарантыі для Расеі. Сярод іншага гаварылася пра магчымасьць гарантаваць, што на тэрыторыі Ўкраіны ня будуць разьмяшчацца крылатыя ракеты.
Па інфармацыі СМІ, ініцыятыва правядзеньня такой канфэрэнцыі паходзіла ад Украіны. Пры гэтым не паведамляецца, ці былі на ёй прадстаўнікі гэтай краіны. ARD піша таксама, што ў ліпені могуць адбыцца ўжо афіцыйныя мірныя перамовы з удзелам краін «глябальнага Поўдня». Пра фармат такіх перамоваў нічога не паведамляецца, удзельнікі канфэрэнцыі яе вынікі не камэнтавалі.
Прадстаўнікі краін Захаду апошнім часам ня раз казалі, што ў пытаньні мірнага ўрэгуляваньня ва Ўкраіне трэба актыўней узаемадзейнічаць з краінамі Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амэрыкі. Кіраўнік МЗС Нямеччыны Анналена Бэрбак, якая адпраўляецца ў ПАР, высока ацаніла спробу мірнага пасярэдніцтва шэрагу афрыканскіх краін, прадстаўнікі якіх нядаўна наведалі Кіеў і Маскву.
ПАР, Кітай, Індыя і Бразылія ўваходзяць разам з Расеяй у так званы BRICS — арганізацыю, якая аб’ядноўвае найбуйнейшыя краіны незаходняга сьвету. Гэта не вайскова-палітычны саюз. Крэмль, аднак, выступае з тэзісамі, што нібыта Расея ў вайне з Украінай абараняе інтарэсы так званай «сусьветнай большасьці».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.