Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адстойваць інтарэсы беларусаў становіцца складаней», — Франак Вячорка


Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка. Рада Эўропы. Каляж
Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка. Рада Эўропы. Каляж

Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы падтрымала рэзалюцыю аб ліквідацыі юрыдычных перашкод для беларусаў у выгнаньні, а таксама візавай дапамозе беларусам у Беларусі. У інтэрвію Свабодзе Premium дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка тлумачыць, чаму гэты дакумэнт важны.

Паводле ацэнак ПАРЭ, ад 200 тысяч да паўмільёна беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну праз палітычныя рэпрэсіі пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

«Ідзе гаворка пра спрашчэньне візавага рэжыму, каб людзі ўнутры Беларусі маглі хутчэй атрымліваць візы, менш плаціць. Таксама гэта спрашчэньне ў атрыманьні гуманітарных візаў і дазволаў на жыхарства. Гэта праграмы мэнтальнага здароўя для былых палітвязьняў, рэпрэсаваных. Таксама гаворка ідзе пра працу з Інтэрполам, каб беларусаў не выдавалі. Гэта і праблемы з адкрыцьцём банкаўскіх рахункаў, доступ да рынку працы і мэдыцыны. Апрача таго, гэта адкрыцьцё беларускіх школак у тых краінах, дзе пражывае шмат беларусаў», — кажа Вячорка.

Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.

Ён дадае, што гэтая дэклярацыя датычыць найперш тых беларусаў, якія ўжо выехалі зь Беларусі, але, паводле дарадцы Ціханоўскай, яна ўскосна падтрымлівае і тых, хто застаўся ўнутры краіны.

Цяпер Офіс Ціханоўскай зьбіраецца перадаць прынятую ПАРЭ дэклярацыю ў кожны ўрад і парлямэнт краінаў Рады Эўропы, каб яго ператварылі ў практычны крок.

«Гэта можа быць падзаконны акт, дзяржаўная пастанова, парлямэнцкае рашэньне. Мы ў першую ж гадзіну пасьля рашэньня ПАРЭ выслалі яго ў парлямэнты ЭЗ, сустрэліся з прадстаўніцай генэральнага сакратара Рады Эўропы, якая перадасьць гэта ў міжнародныя арганізацыі. Увосень мы будзем рабіць слуханьні ў розных парлямэнтах, перададзім гэта ў групы сяброў Беларусі, яны цяпер ёсьць у 18 краінах. Гэта дакумэнт, якім можна адчыняць кабінэты», — расказвае Франак Вячорка.

Дарадца Ціханоўскай канстатуе, што адстойваць інтарэсы беларусаў на міжнароднай арэне становіцца ўсё складаней, бо вайна Расеі ва Ўкраіне займае амаль усю інфармацыйную прастору. Беларускія дэмакратычныя сілы спрабуюць пераконваць заходніх палітыкаў, што дапамога дэмакратычнай Беларусі — гэта таксама і дапамога Ўкраіне. Чым мацнейшы дэмакратычных рух у Беларусі, тым больш шанцаў, што перамога Ўкраіны прыйдзе хутчэй, кажа Вячорка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG