За законапраект прагаласавалі 55 членаў Рыйгікогу, 34 выступілі супраць. Згодна з дакумэнтам, з 1 студзеня 2024 году дзьве паўналетнія фізычныя асобы змогуць узяць шлюб, незалежна ад іх полу.
Акрамя шлюбу, у партнэраў ёсьць магчымасьць заключыць дамову аб сумесным пражываньні. Тыя, хто заключыў такое пагадненьне, змогуць узяць шлюб у спрошчаным парадку.
Таксама закон дазваляе аднаполым парам з 1 студзеня 2024 году ўсынаўляць дзяцей. У тым ліку жонцы таго ж полу дазволяць усынавіць дзіця свайго партнэра са згоды біялягічнага бацькі. У законе, акрамя іншага, замацаваны прынцып, паводле якога ў дзіцяці ня можа быць больш за двух бацькоў.
«Урад улічыў прапановы групы Цэнтрысцкай партыі Эстоніі пры ўнясеньні паправак у праект перад другім чытаньнем, каб ва ўсіх законах больш дакладна прапісаць прынцып, згодна зь якім другім бацькам, акрамя маці, па-ранейшаму зьяўляецца ў першую чаргу бацька», — адзначае выданьне ERR.
Эстонія стала другой краінай ва Ўсходняй Эўропе пасьля Славеніі, якая легалізавала гендэрна-нэўтральныя шлюбы.
У сакавіку 2023 году ўзаконіць грамадзянскія партнэрствы, якія могуць заключыць як аднаполыя, так і гетэрасэксуальныя пары, вырашылі ва Ўкраіне. Адпаведны законапраект цяпер на разглядзе ў Вярхоўнай Радзе.