Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дуда: Польшча працягне ціснуць на рэжым Лукашэнкі і змагацца за вызваленьне ўсіх беларускіх палітвязьняў


Сьвятлана Ціханоўская і Анджэй Дуда. Архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская і Анджэй Дуда. Архіўнае фота

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда 19 чэрвеня на сустрэчы з дыпляматычным корпусам краіны заявіў, што Варшава будзе «змагацца на міжнародных форумах за вызваленьне ўсіх палітвязьняў», а таксама выступаць за «ўзмацненьне абмежавальных мер, якія накладаюцца на Беларусь».

«Хачу нагадаць пра рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які аб’яднаўся з Крамлём. Мы не павінны забываць, што Беларусь ня толькі краіна, якая афіцыйна падтрымлівае Расею, але і адзіная, якая дэ-факта спрыяла баявым дзеяньням, адвёўшы сваю тэрыторыю для нападу на Ўкраіну проста з поўначы ў крытычнай фазе вайны, — нагадаў Анджэй Дуда падчас свайго выступу. — Таму, пакуль Беларусьсю кіруе Лукашэнка, польская дыпляматыя павінна ставіцца да яе як да дзяржавы, адказнай за вядзеньне пуцінскай вайны. Такім чынам, мы павінны імкнуцца на міжнародным форуме ўвесьці і ўзмацніць усе магчымыя санкцыі супраць гэтай краіны».

Дуда таксама падкрэсьліў, што трэба не забываць і пра беларускі народ, які, у адрозьненьне ад расейскага, «не атручаны духам імпэрыялізму, дружалюбна ставіцца да Польшчы і палякаў».

Прэзыдэнт Польшчы падкрэсьліў, што беларусаў «тэрарызуе самадзержац», які ня мае падтрымкі грамадзян і прыйшоў да ўлады ў выніку фальсыфікацый на выбарах.

«Я рады, што Польшча так актыўна ўдзельнічае ў падтрымцы польскай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, а таксама ў стварэньні ўмоў для разьвіцьця дэмакратыі і палітычнага дыялёгу. У нашых інтарэсах садзейнічаньне і ўмацаваньне беларускай дыяспары і незалежных колаў у іншых краінах», — заявіў Дуда.

Прэзыдэнт Польшчы адзначыў, што «нельга забываць пра больш за тысячу палітвязьняў у Беларусі» і пра рэпрэсіі ў дачыненьні да польскай меншасьці.

«Жорсткім сымбалем гэтых рэпрэсій стала незаконнае асуджэньне Анджэя Пачобута. Таму мы будзем змагацца на міжнародных форумах за вызваленьне ўсіх палітвязьняў і выступаем за ўзмацненьне абмежавальных мер, уведзеных у дачыненьні да Беларусі», — заявіў Дуда.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG